У дні фестывалю "Славянскі базар" паміж Віцебскам і Мінскам будзе курсіраваць дадатковы цягнік
Расклад руху цягніка складзены з улікам праграмы правядзення фестывалю. Ён будзе курсіраваць штодня з Мінска з 13 па 18 ліпеня, з Віцебска – з 14 па 19 ліпеня.
Са станцыі Мінск-Пасажырскі цягнік адправіцца ў 12:28 і прыбудзе ў Віцебск у 16:05.
Пасля завяршэння канцэртнай праграмы госці фестывалю на гэтым жа цягніку змогуць вярнуцца ў Мінск. З Віцебска ён будзе адпраўляцца ўночы ў 01:30 і прыбываць у сталіцу Беларусі раніцай у 05:40.
У час руху цягніка з Мінска ў Віцебск пасажыры змогуць азнаёміцца з гісторыяй фестывалю і праграмай яго правядзення ў бягучым годзе. Таксама інтэр'ер вагонаў будзе аформлены з выкарыстаннем сімволікі форуму.
Акрамя таго, на чыгуначных вакзалах у гарадах Мінску і Віцебску пасажыраў праінфармуюць аб магчымасці праезду на фестываль «Славянскі базар у Віцебску» чыгуначным транспартам.
Варта адзначыць, што цягнік на «Славянскі базар у Віцебску» традыцыйна карыстаецца асаблівай папулярнасцю ў жыхароў і гасцей нашай краіны.
Продаж праязных дакументаў (білетаў) на цягнік міжрэгіянальных ліній № 644/643 Мінск – Віцебск ужо адкрыты.
Набыць праязныя дакументы можна на афіцыйным інтэрнэт-сайце Беларускай чыгункі ў раздзеле «Паслугі пасажырам» (pass.rw.by), з дапамогай мабільнага прыкладання «БЧ. Мой поезд», а таксама ў чыгуначных касах БЧ.