У Докшыцах пачалі выпускаць лаваш па армянскай тэхналогіі
Докшыцкі хлебазавод, філіял адкрытага акцыянернага таварыства «Віцебскхлебпрам», пастаянна асвойвае выпуск новых відаў прадукцыі.
Дырэктар прадпрыемства Аляксей Байкоў распавядае, што два разы на год асартымент змяняецца амаль цалкам. Кожны месяц завод прапануе новыя віды хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, якія карыстаюцца попытам як у мясцовых жыхароў, так і ў суседніх раёнах, у Мінску.
Докшыцкія пекары імкнуцца знайсці тое, што прыйшлося б па густу і вяскоўцам, і гараджанам. У вёсках аддаюць перавагу звычайнаму формаваму хлебу, які можна разнастаіць рознымі дабаўкамі, а мінчанам падавай нарэзаны, ды яшчэ з курагой, разынкамі. На ўра ідуць і аўсянае печыва, пірожныя, тарты.
Прадпрыемства аснашчана ўсім неабходным для вытворчасці якаснай прадукцыі. Глабальная рэканструкцыя завода была праведзена ў 2007-м, тады ўсталявалі новыя печы ў хлебабулачным цэху. У наступным годзе набыта сучасная цестападзельная лінія, затым купілі яшчэ 3 печы для выпякання кандытарскіх, булачных вырабаў і падовых хлебаў. Гэта дазволіла пашырыць асартымент да 50 найменняў.
Канкурэнцыя з іншымі хлебазаводамі патрабуе быць у пастаянным пошуку. Вось і вырашылі ў Докшыцах навучыцца выпякаць лаваш.
– Некаторыя беларускія прадпрыемствы, у прыватнасці, у Гродне, Гомелі выпускаюць яго на спецыяльных лініях, але ён адрозніваецца ад сапраўдных каўказскіх ляпёшак. Таму нашы спецыялісты ездзілі ў Падмаскоўе, дзе армяне адкрылі вытворчасць лаваша. Яны з задавальненнем падзяліліся тэхналогіяй, – тлумачыць Аляксей Байкоў.
У мінулым годзе ў Турцыі набылі цестараскаточную машыну, у Расіі – печ, але армянскія ляпёшкі нельга зрабіць без ручной працы. Дзякуючы ўменню докшыцкіх майстрых яны атрымліваюцца тонкімі, як газетны ліст. Лаваш пякуць два разы на тыдзень, на прылаўках ён не заляжваецца. Палюбілі яго і ў Полацку, і ў Новалукомлі, і ў Мінску, адкуль пастаянна прыходзяць заяўкі на гэты від прадукцыі.
– Я спрабаваў ляпёшкі іншых вытворцаў, але нашы самыя смачныя, – нахвальвае сваю прадукцыю дырэктар хлебазавода.
Яго словы пацвярджаюць усе, хто паспрабаваў «Докшыцкі лаваш», які зроблены па традыцыйным армянскім рэцэпце і з любоўю беларускіх хлебапёкаў.
Таццяна Пастэрнак, Фота Дзмітрыя ОСІПАВА..Віцебскія весці.