На пасадзе старшыні Верхнядзвінскага райвыканкама зацверджаны Васіль Шылаў
У рабоце сесіі прынялі ўдзел старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Мікалаевіч Шарснёў, потым кіраўнік раёна Ігар Іванавіч Марковіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Францаўна Казел, дэпутацкі корпус раёна, прадстаўнікі абласнога і раённага выканаўчых камітэтаў, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый Верхнядзвіншчыны.
Прадстаўляючы новага кіраўніка раёна, начальнік Галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Віцебскага аблвыканкама У.М. Давыдоўскі адзначыў высокія арганізатарскія здольнасці і аналітычнае мысленне маладога кіраўніка, уменне валодаць сучаснымі метадамі кіравання, бачыць перспектыву развіцця і шляхі дасягнення мэты. Пацвярджэннем кіраўніцкіх здольнасцей Васіля Мікалаевіча з'яўляюцца поспехі, дасягнутыя на папярэдніх месцах працы, у прыватнасці, высокія паказчыкі аграрнай галіны раёна, якую Васіль Шылаў узначальваў на працягу апошніх двух з паловай гадоў.
Кандыдатуру У.М. Шылава падтрымалі дэпутаты раённага Савета дэпутатаў – дырэктар ААТ «Прудзінкі» У.А. Краснік, начальнік Верхнядзвінскага РГС філіяла «Полацкае вытворчае ўпраўленне» ПРУП «Віцебскаблгаз» А.Г. Малаток, начальнік Верхнядзвінскага РАНС У.М. Крышталевіч.
Дэпутаты аднагалосна зацвердзілі на пасаду старшыню Верхнядзвінскага раённага выканаўчага камітэта Васіля Мікалаевіча Шылава.
Старшыня аблвыканкама М.М. Шарснёў уручыў У.М. Шылаву службовае пасведчанне і наставіў на плённую і эфектыўную працу.
Мікалай Мікалаевіч Шарснёў падзякаваў за шматгадовую паспяховую працу папярэдняга кіраўніка раёна Ігара Іванавіча Марковіча, адзначыўшы, што пад яго кіраўніцтвам раён выйшаў на стабільныя высокія паказчыкі ў працы і замацаваў за сабой славу аднаго з найбольш моцных у рэгіёне. Ігару Марковічу прапанавана ўзначаліць Полацкі раён, дзе неабходна ўмацаваць кадравы рэсурс.
Перад зноў абраным кіраўніком Верхнядзвінскага раёна стаіць задача шукаць новыя крыніцы росту. На першае месца Мікалай Шарснёў паставіў развіццё эканомікі, стварэнне працоўных месцаў, неабходнасць утрымаць людзей і асабліва моладзь у рэгіёне годнымі ўмовамі жыцця і працы. Мікалай Мікалаевіч пажадаў новаму кіраўніку не губляцца ў штодзённай руціне спраў, а бачыць перспектыву, выбудаваць дакладную «дарожную карту», сфарміраваць дзеяздольную каманду і працаваць на вынік.
Васіль Мікалаевіч Шылаў нарадзіўся ў 1987 годзе ў в. Панычава Бакчарайскага раёна Томскай вобласці Расійскай Федэрацыі.
Адукацыя вышэйшая: скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці аграномія і Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт па спецыяльнасці кіраванне арганізацыямі і падраздзяленнямі АПК.
З 2007 года працаваў аграномам, з 2008 – галоўным аграномам ААТ «Прудзінкі» Верхнядзвінскага раёна. У 2014 годзе ўзначаліў ААТ «Нурава». З 2017 года працаваў першым намеснікам старшыні – начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Верхнядзвінскага райвыканкама.