У Дубровенскім раёне адкрылі мемарыяльны знак «Рыленкі»
Ідэя неабходнасці ўстаноўкі такога знака пры ўваходзе на тэрыторыю комплексу належыць старшыні раённай арганізацыі ГА «Белая Русь» Святлане Ражанскай. Ініцыятыву ўвасобілі ў жыццё пры падтрымцы абласнога Савета дэпутатаў і аблвыканкама. За кошт сродкаў абласнога бюджэту мемарыяльны знак быў выраблены на адным з прыватных прадпрыемстваў Віцебска.
А напярэдадні ўрачыстага адкрыцця дзякуючы актыву «Белай Русі» перад уваходам у арачныя вароты з'явіўся інфармацыйны банэр з шасцю QR-кодамі.
– Я хачу выказаць словы падзякі раённаму выканаўчаму камітэту, Савету дэпутатаў, усім тым, хто займаецца пошукавай працай, гэта важна для нашай з вамі памяці, для маладога пакалення, – сказаў на цырымоніі адкрыцця Уладзімір Церанцьеў. – Сёння мы практычна завяршаем працу над мемарыялам, але працягваем працу па ўшанаванні памяці людзей. Дзякуючы гэтаму знаку цяпер нават тыя, хто не ведаў, што тут за мемарыял, змогуць ушанаваць памяць загінулых.
Мемарыяльны комплекс «Рылянкі» – адзін з самых велічных помнікаў, устаноўленых на месцах масавых пахаванняў воінаў Чырвонай арміі ў Беларусі. Тут знайшлі апошні прытулак больш за 10 тысяч чырвонаармейцаў, якія загінулі ў раёне бліжэйшых вёсак. Мемарыял, які займае плошчу амаль у тры гектары, быў адкрыты ў 1973 годзе. У 2010-м нашчадак аднаго з загінулых салдат узвёў тут капліцу, яе галоўную сцяну ўпрыгожвае вялікая Аўгустоўская ікона Божай Маці. Таксама на тэрыторыі комплексу знаходзіцца адзіны ў Беларусі помнік медсанбату, які ратаваў тысячы салдатскіх жыццяў. А чатыры стэлы прысвечаны подзвігам Юрыя Смірнова, Аляксандра Васільева, Ганны Нікандравай і лётчыкаў палка «Нармандыя – Неман» Сяргея Астахава і Бруна дэ Фальтана.