У Дубровенскім раёне перапахаваны астанкі 28 воінаў Чырвонай арміі, якія загінулі пры вызваленні рэгіёна
28 воінаў Чырвонай арміі, якія загінулі пры вызваленні Дубровенскага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны, сёння знайшлі апошні прытулак на гэтай зямлі.
Астанкі 9 безыменных байцоў перапахаваныя на брацкай магіле в. Петрыкі, 19 – ля вёскі Чырвоная Слабада.
Аўтапрабег «Дарогамі Перамогі» сабраў у гэтых знакавых месцах кіраўніцтва Дубровенскага райвыканкама, прадстаўнікоў Віцебскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Полымя», прадстаўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, службаў і ведамстваў рэгіёна, грамадскіх аб’яднанняў, мясцовых жыхароў і моладзь.
– У той час, як некаторыя людзі, чужыя паняццю патрыятызм, спрабуюць зраўняць з зямлёй помнікі Вялікай Айчыннай вайны, сказіць гісторыю, наш народ, краіна і Дубровенскі рэгіён, у прыватнасці, свята шануюць памяць, перадаюць спадчыну пераможцаў новаму пакаленню, – сказаў падчас жалобнага мітынгу на брацкіх магілах старшыня райвыканкама Анатоль Лукашоў. – На працягу 79 гадоў на гэтыя святыя месцы прыязджаюць і прыходзяць дубровенцы, сваякі загінуўшых, каб аддаць даніну памяці загінулым героям-вызваліцелям.
У маі 2023 года грамадскім аб'яднаннем «Віцебскі абласны гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб «Полымя» сумесна са спецыялізаваным пошукавым падраздзяленнем воінскай часці 28443 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна былі знойдзены і падняты астанкі 9 байцоў Чырвонай арміі ля вёскі Судзілавічы і 19 салдат ля вёскі Гуракі.
"Віцебскія весці"