У Дубровенскім раёне працягваецца рэканструкцыя мемарыяла «Рыленкі»
Чарговы штаб па пытаннях рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу «Рыленкі» правёў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў. Разам з прадстаўнікамі раённай улады, кіраўніцтвам арганізацыі-вытворцы гранітных пліт — ТАА «Еўракамень» Іванава Брэсцкай вобласці, выканаўцам будаўнічых работ — ТАА «Гандлёва-будаўнічы сэрвіс» г.Орша, заказчыкам — УП ЖКГ «Дубровенска-Камунальнік», дэталёва абмеркавалі матэрыялы, каляровую гаму бетонных пілонаў і пліт, элементаў мемарыяла, тэмпы рэканструкцыі.

Для вырабу граніту і літар на цэнтральнай стэле мемарыяльнага комплексу «Рыленкі», якую ўпрыгожыць надпіс «Подзвігі вашы бессмяротныя», арганізацыя-вытворца гранітных пліт — ТАА «Еўракамень» Іванава Брэсцкай вобласці — спецыяльна закупіла італьянскае абсталяванне. Аналагу такога мемарыяла ў краіне не будзе.
—Такія масавыя пахаванні знаходзяцца на тэрыторыі Лёзненскага, Віцебскага і Дубровенскага раёнаў. Самы вядомы – гэта мемарыяльны комплекс «Рыленкі», — канстатаваў Уладзімір Церанцьеў. — Тут знаходзілася больш за 360 надмагілляў, якія ўжо не проста маральна састарэлі, але і, зробленыя з розных матэрыялаў, сталі прыходзіць у непрыдатнасць. Дзякуючы краязнаўцам раёна, спіс загінулых пры вызваленні Дубровеншчыны за апошнія гады дапоўніўся 2461 прозвішчам. І да 3 ліпеня на мемарыяльныя пліты будзе нанесена 9402 прозвішчы. Выканаюць работы па абліцоўцы мармурам і гранітам.
Уладзімір Уладзіміравіч дадаў, што да 25 чэрвеня ставіцца задача замацаваць пліты з прозвішчамі на бетонных асновах.
—Далей будзе другая чарга рэканструкцыі, — адзначыў старшыня Дубровенскага раённага выканаўчага камітэта Алег Лындын. — Тут таксама будуць акумулявацца бюджэтныя і пазабюджэтныя сродкі рэспублікі, вобласці, раёна. Нельга не сказаць, што на працягу апошняга дзесяцігоддзя мы актыўна вялі пошукавыя работы, удакладнялі даныя савецкіх воінаў, якія загінулі тут у гады Вялікай Айчыннай вайны. Цяпер іх ушануюць на 228 мемарыяльных мармуровых плітах. Комплекс «Рыленкі» — гэта месца, якое наведваюць, куды не толькі 9 Мая, але і на працягу года людзі прыязджаюць аддаць даніну памяці загінулым родным. У Дзень Перамогі і ў рамках Міжнароднага фестывалю песні і музыкі «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне» тут праводзяцца мітынгі.
Кіраўнік раёна дадаў, што ўсяго на тэрыторыі раёна 29 воінскіх пахаванняў. І кожнае з іх — у зоне пільнай увагі ўлады.
Мемарыяльны комплекс «Рыленкі» узведзены ў 1973 годзе на Рыленскіх брацкіх могілках — месцы пахавання больш за 10 тысяч савецкіх воінаў 11-й гвардзейскай і 31-й арміі, якія загінулі ў гэтым раёне ў жорсткіх баях з кастрычніка 1943 па чэрвень 1944 года.