У Дубровенскім раёне завяршаецца маштабная рэстаўрацыя мемарыяльнага комплексу «Рыленкі»
У рэстаўрацыю мемарыяльнага комплексу ўкладзена каля 1,5 млн рублёў. Гэта і бюджэтныя сродкі, і грошы, заробленыя на суботніках, і ахвяраванні. Істотны ўклад зрабіла абласная арганізацыя «Белая Русь».
– Гэта святое месца, і мы павінны былі прывесці яго ў парадак. За два гады зроблена каласальны аб'ём. Комплекс цалкам ператварыўся. З'явіліся новыя мемарыяльныя пліты, уваходная арка з рэльефамі воінаў, добраўпарадкаваны дарожкі, асвятленне, відэаназіранне. Але самае галоўнае – дапоўнены спісы імёнаў загінулых пры вызваленні Дубровеншчыны, – адзначыў Уладзімір Церанцьеў.
Абноўлены і ўстаноўлены ўздоўж дарогі чатыры стэлы, прысвечаныя здзейсненым у гэтым раёне подзвігам Героя Савецкага Саюза Юрыя Смірнова, якога фашысты распялі на сцяне бліндажа, Аляксандра Васільева, які закрыў амбразуру ворага сваім целам, Героя Савецкага Саюза Ганны Нікандравай, якая падняла ў атаку байцоў, Сяргея Астахава і Бруна дэ Фальтана – лётчыкаў палка «Нармандыя – Нёман», якія загінулі ў адным самалёце.
За вызваленне Дубровенскага краю аддалі жыццё прадстаўнікі розных нацыянальнасцей. Кожны год мемарыял наведваюць родныя ўвекавечаных тут татар, расіян, украінцаў, іншых народаў. Прыязджалі пакланіцца сваім суайчыннікам французы. У «Рыленках» устаноўлены адзіны ў Беларусі помнік медсанбату.
– Усе жыхары раёна адгукнуліся на заклік унесці свой уклад у абнаўленне мемарыяльнага комплексу. Актыўна працавалі на суботніках прадстаўнікі працоўных калектываў, арганізацый, школьнікі кожны дзень па некалькі чалавек прыязджалі сюды і дапамагалі спецыялістам. Вы б паглядзелі, як старанна працавалі хлопцы, якіх мы не раз выклікалі на пасяджэнне інспекцыі па справах непаўналетніх! – распавядае намеснік старшыні Дубровенскага райвыканкама Святлана Рыжанская.
У сённяшні Дзень Перамогі на мемарыяльны комплекс «Рыленкі» з-за эпідэміялагічнай сітуацыі, якая склалася, не змогуць прыехаць многія, хто хацеў бы ўшанаваць памяць загінулых. Але важна, што гэта святое месца ёсць, і сюды будуць пастаянна прыходзіць людзі, каб схіліць галаву перад воінамі, якія абаранілі чалавецтва ад карычневай чумы фашызму.
Мемарыяльны комплекс «Рыленкі» узведзены ў 1973 годзе на Рыленскіх брацкіх могілках – месцы пахавання больш за 10 тысяч савецкіх воінаў 11-й гвардзейскай і 31-й арміі, якія засталіся навечна ляжаць на месцы свайго апошняга бою. З кастрычніка 1943-га па чэрвень 1944 года ў гэтых мясцінах праходзіла лінія фронту. Тут пачалася аперацыя «Баграціён», падчас якой Беларусь была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гісторыкам і краязнаўцам удалося аднавіць амаль 9,5 тысяч імёнаў, за апошнія гады памятны спіс дапоўніўся 2461 прозвішчам. Яшчэ 17 вярнулі з небыцця нядаўна, яны будуць занесены на мармуровыя пліты. Пакінута месца і для пакуль безыменных герояў.
Уладзімір Церанцьеў наведаў і яшчэ адзін мемарыял у Дубровенскім раёне, дзе заканчваюцца рэстаўрацыйныя работы. Размешчаны ён, як і «Рыленкі», на ажыўленай трасе М-1, якая з'яўляецца часткай еўрапейскага маршруту, па якім ідзе транзітны транспарт з Расіі на Захад. Тут, у населеным пункце Буда, спачываюць больш за 4 тысячы воінаў. Да нядаўняга часу было вядома 3800 прозвішчаў, цяпер устаноўлена 4330. Сімвалічна, што істотны ўклад у аднаўленне гэтага памятнага месца зрабілі дубровенскія прадпрыемствы, Беларускі фонд міру і расійская газавая кампанія. А школьнікі мясцовай школы, на тэрыторыі якой стаіць помнік, вядуць унікальную кнігу ўліку наведвання сваякамі пахаваных у брацкай магіле воінаў. Адкрыццё пасля рэканструкцыі мемарыяла ў Будзе адбудзецца таксама да Дня Вялікай Перамогі.