У Дубровне акцэнт зроблены на сацыяльную сферу з ухілам на стварэнне камфортных умоў для жыцця і развіцця дзяцей
Губернатар падкрэсліў, што ў рэгіёне надаецца пільная ўвага падрыхтоўцы райцэнтраў да абласных "Дажынак". "Толькі сканцэнтраваўшы фінансы, можна сапраўды перабудаваць райцэнтр, істотна абнавіць і асучасніць яго. Гэту стратэгію мы ў Віцебскай вобласці будзем працягваць", - сказаў Мікалай Шэрстнёў. Пры гэтым відавочна, што ў Дубровенскім раёне акцэнт зроблены на сацыяльную сферу з ухілам на стварэнне камфортных умоў для жыцця і развіцця дзяцей. Пра гэта сведчыць пералік аб'ектаў, якія істотна абнаўляюцца і ўзводзяцца з нуля. Так, на пустыры ва ўсю ідуць работы па мантажы абсталявання на сучаснай дзіцячай пляцоўцы. Дарэчы, гэты аб'ект самы чаканы і старанна кантраляваны мясцовай дзетварай - не паспеюць будаўнікі ўсталяваць чарговую горку, як яе тут жа апрабуюць строгія маленькія кантралёры і іх бацькі. Маштабныя будаўнічыя работы разгарнуліся ў сярэдняй школе №1, дзіцячых садках, школе мастацтваў.
"У развіцці райцэнтраў трэба рабіць стаўку на дзяцей. Гэта наша будучыня. Выхоўваць падрастаючае пакаленне адным толькі словам - немагчыма. Неабходна ствараць умовы, пачынаючы ад дзіцячага садка, школы, спартыўнага збудавання, музычнай школы, спартыўнай залы і інш. Вось гэта наша задача", - перакананы кіраўнік рэгіёна. Абнаўленне аб'ектаў у Дубровенскім раёне ўжо пачынаюць здаваць у строй - завершаны работы на аўтастанцыі, часткі жылых дамоў. На некаторых адрамантаваных будынках з'явіўся нацыянальны арнамент, што, безумоўна, упрыгожвае горад і надае яму свой непаўторны каларыт. Да свята ўраджаю засталося не так шмат часу (па папярэдняй інфармацыі, "Дажынкi" пройдуць у канцы верасня), таму будаўнікам варта паспяшацца.
Асабліва шмат нараканняў да работы Аршанскага будтрэста №18, які ажыццяўляе капітальны рамонт і
мадэрнізацыю школы, а таксама вядзе абнаўленне дзіцячых садкоў. "Гэтыя аб'екты мы абавязкова павінны ўвесці да першага верасня, застаецца літаральна 20 дзён. Пры гэтым аб'ём работ велізарны, а людзей працуе яўна недастаткова. Ужо з гэтага дня будуць прыняты ўсе меры для таго, каб павялічыць колькасць занятых і выканаць увесь комплекс работ ва ўстаноўленыя тэрміны", - падкрэсліў губернатар.Кіраўнік будаўнічай арганізацыі запэўніў, што ўсё так і будзе - школа і дзіцячыя садкі будуць здадзены ў тэрмін. Мікалай Шарснёў дадаў, што ў Дубровне будуць дадаткова выкананы раней незапланаваныя работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі дзіцячага садка, стварэнні камфортных умоў у месцах адпачынку (тэрасы, альтанкі, навесы). Да канца жнівень плануюць завяршыць і цэнтральную гарадскую плошчу. Рамонтныя работы ідyць таксама ва ўстановах аховы здароўя, фізкультуры і спорту, гандлю. На новых плошчах (у прыбудове будынка райвыканкама) размесціцца ЗАГС.