У Дуброўна пасля рэканструкцыі адкрылі стадыён

У Дубровне ў СШ №1 пасля завяршэння першай чаргі капітальнага рамонту з элементамі мадэрнізацыі урачыста адкрылі стадыён. Аб'ект, які цяпер па праву можна назваць спартыўна-гульнявым комплексам, уладкаваны па праекце Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця.

– Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка, кіраўніцтва Віцебскага аблвыканкама надаюць вялікую ўвагу сістэме адукацыі, – адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пянін. – Мы выдатна разумеем, што гэта наша будучыня. У прыватнасці, за апошні час шмат зроблена для сферы адукацыі Дубровеншчыны. Гэта датычыцца і СШ №1, дзе быў праведзены капітальны рамонт з элементамі мадэрнізацыі. Сёння навучальная ўстанова на якасна новым, сучасным узроўні арганізуе працэс навучання і выхавання. Што тычыцца абноўленага стадыёна, то ён стаў падарункам не толькі школьнікам, але і жыхарам мікрараёна, якія будуць прыходзіць сюды займацца сем'ямі.

Аб'ект уключае ў сябе футбольнае поле, бегавыя дарожкі са спецыяльным пакрыццём, пляцоўку для гульнявых відаў спорту са штучнай травой, спартыўныя трэнажоры пад навесам, пляцоўку для заняткаў варкаўтам і дзіцячую гульнявую зону. На другой чарзе – яшчэ адна варкаўт-пляцоўка, паласа перашкод і трыбуны для гледачоў, пад якія ўжо адведзена тэрыторыя.

Віншуючы дубровенцаў са знамянальнай падзеяй, старшыня райвыканкама Анатоль Лукашоў падкрэсліў, што вялікія пераўтварэнні дазволілі сярэдняй школе №1 стаць сацыякультурным адукацыйным цэнтрам у горадзе.

– Ён уяўляе сабой інтэграцыю агульнаадукацыйнай школы і дадатковай адукацыі, мае разгалінаваную сетку пазакласных заняткаў у сістэме дадатковай адукацыі, а таксама матэрыяльную базу, якая дазваляе выкарыстоўваць усё гэта, – адзначыў кіраўнік раёна.

 Анатоль Лукашоў выказаў перакананне, што ўвод у строй яшчэ аднаго спартыўнага аб'екта надасць новы імпульс развіццю спорту ў райцэнтры.

Даведка «ВВ»: У гэтым годзе СШ №1 Дубровны расчыніла дзверы для 751 вучня, 19% якіх – дзеці з закрытых або рэарганізаваных школ рэгіёна. Дзякуючы рэалізацыі праекта «Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь» СШ №1 сёння – гэта ўтульныя і добра асветленыя кабінеты, прасторныя фае з бескаркаснай мэбляй для «разгрузкі» пазваночніка. На кожным паверсе ўстаноўлены кулеры для арганізацыі пітнога рэжыму. Звычайныя сцены калідораў ператварыліся ў яркія інфармацыйныя стэнды, а рэкрэацыі – у месцы адпачынку. Два сучасныя камп'ютарныя класы, абсталяваныя моноблокамі з функцыямі лінгафоннага кабінета, інтэрактыўнай дошкай сталі цэнтрамі фарміравання інфармацыйнай культуры. Цяпер у 12 навучальных кабінетах – шырокаэкранныя тэлевізары з выхадам у інтэрнэт, у трох – інтэрактыўныя дошкі, у шасці – мультыборды, у трох – кароткафокусныя праектары, якія дазваляюць вучням дакрануцца да карцінкі.

Дырэктар школы Інна Мартыненка расказала, што ўстанова адукацыі сумесна з Дубровенскай СДЮШАР мае досвед выхавання спартсменаў сусветнага ўзроўню, якія праславілі раён і краіну на міжнароднай спартыўнай арэне.

– І сёння вучні нашай школы з'яўляюцца прызёрамі і пераможцамі розных спаборніцтваў абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў, – дадала дырэктар. – Я ўпэўнена, што сучасная спартыўная база дазволіць нашым дзяўчатам і хлопцам дасягаць новых вышынь, і прылучацца да спорту і здаровага ладу жыцця яшчэ большай колькасці мясцовага насельніцтва.

Свае эмоцыі з нагоды абноўленага стадыёна выказаў чэмпіён Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы (2004 – 2006 гг.), адзінаццацікласнік Максім Краснавус.

– Яшчэ 10 гадоў таму пра такія ўмовы для заняткаў спортам можна было толькі марыць, – сказаў Максім. – Цяпер ёсць усё неабходнае для паўнавартасных трэніровак – займайся і радуйся!

Яго падтрымаў дзюдаіст, вучань трэнера СДЮШАР Генадзя Куськова, Канстанцін Дзяменцьеў.

– Гэта так крута! Мы ўжо асвоілі варкаўт-пляцоўку, трэнажоры, – не стрымліваў радасці шасцікласнік. – Ганяем у футбол, бегаем кросы на трэніроўках. Думаю, цяпер у Дубровне будзе больш ахвотных заняцца спортам. Такая яркая і функцыянальная пляцоўка прыцягне як дзяцей, так і дарослых.

"Віцебскія весці"