У Дубровне прайшоў рэспубліканскі семінар-нарада па пытаннях ільнаводства
На сённяшні дзень першасная перапрацоўка лёну ажыццяўляецца на 22 льнозаводах рэспублікі і двух вытворчых участках.
Праводзячы аналіз сітуацыі, якая склалася ў перапрацоўцы лёну, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Дворнік падкрэсліў, што ва ўсім павінен быць гаспадарскі падыход.
– Пад новую лінію трэба выгадаваць і трэсту адпаведнай якасці, а гэтыя параметры ў нас не супадаюць. Дубровенскім льнозаводам кіруюць людзі, якія выкарыстоўваюць кожную магчымасць зарабіць. Таму мы сёння тут будзем вучыцца працаваць на вынік, – канстатаваў Уладзімір Дворнік.
Нагадаем, што Прэзідэнт паставіў задачу па вырошчванні 180 тыс. т трэсты для вытворчасці 55 тыс. т ільнавалакна і забеспячэнні сыравінай арганізацый канцэрна «Беллегпрам» пад поўную патрэбнасць. У 2019 годзе лен-даўгунец вырошчваўся ў 46 раёнах рэспублікі. Нарыхтавана 154,5 тыс. т ільнатрэсты, што на 19 тыс. т, або 14%, вышэй за ўзровень 2018 года. Ураджайнасць трэсты лёну-даўгунцу склала 31,7 цэнтнера з гектара (плюс 1,9 цэнтнера да 2018 года).
Гаворачы аб выніках вырошчвання і ўборкі лёну, задачах на 2020 год, намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун адзначыў, што мэтавы паказчык выкананы прадпрыемствамі толькі на 86%.
– Аналіз паказвае, што парушэнне толькі аднаго звяна тэхналогіі – змяншэнне нормы высеву насення – адыгрывае вырашальную ролю ў атрыманні запланаванага ўраджаю. Вядома, усе элементы тэхналогіі важныя, але ад зямлі нічога не атрымаем, калі не паклалі дастаткова насення, – падкрэсліў ён.
Як дамагчыся ўраджайнасці ў 4 тоны трэсты з гектара падрабязна расказаў дырэктар ААТ «Дубровенскі льнозавод» Анатоль Басенкоў. Удзельнікі семінара наведалі вытворчыя цэхі і сыравінны двор прадпрыемства.