У эканоміцы Беларусі ў студзені-лютым было занята 4 млн. 560,6 тыс. чалавек

26 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Паводле аператыўных даных, у эканоміцы Беларусі ў студзені-лютым бягучага года было занята 4 млн. 560,6 тыс. чалавек. Гэта на 2,3% менш, чым у студзені-лютым 2011 года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Нацыянальным статыстычным камітэце. Арганізацыямі рэспублікі (без суб'ектаў малога прадпрымальніцтва недзяржаўнай формы ўласнасці) у студзені-лютым гэтага года было прынята на працу 110,3 тыс. чалавек, у тым ліку на дадаткова ўведзеныя рабочыя месцы - 7,1 тыс. чалавек. За два месяцы звольнена па розных прычынах 117,4 тыс. чалавек, з іх 7% - за прагул і іншыя парушэнні працоўнай дысцыпліны, 1,3% - у сувязі са скарачэннем колькасці або штату работнікаў, ліквідацыяй арганізацый. Колькасць беспрацоўных, зарэгістраваных у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, на канец лютага 2012 года склала 31,5 тыс. чалавек - на 7,6% менш, чым на канец лютага 2011 года, і на 2,9% больш, чым на канец студзеня 2012-га. Узровень зарэгістраванага беспрацоўя на канец лютага бягучага года, як і на канец лютага 2011-га, склаў 0,7% ад эканамічна актыўнага насельніцтва.-0-