У Езярышчы пасля капрамонту ў сярэдняй школе вучні могуць вывучаць ПДР і займацца варкаўтам
Яшчэ некалькі гадоў таму ўстанова адукацыі знаходзілася не ў лепшым стане. Пераломным у яе лёсе стала распрацаваная па даручэнні кіраўніка дзяржавы праграма добраўпарадкавання населеных пунктаў Віцебшчыны, разлічаная на пяць гадоў. У лік першых трапіла Езярышча. Маштабная рэканструкцыя доўжылася ўвесь мінулы год і закранула літаральна кожны квадратны метр населенага пункта. Да непазнавальнасці змянілася і мясцовая школа.
— Праведзены тэрмаранавацыя будынка, аздабленне харчаблока і месцаў агульнага карыстання, заменены вокны і дзверы на пластыкавыя, дах. Прыведзены ў парадак класы, абедзенная зала і тэрыторыя. Устаноўлены сістэма відэаназірання, аўтаномная пажарная сігналізацыя і агароджа. З'явіліся комплексная шматфункцыянальная гульнявая пляцоўка з штучным пакрыццём, абсталяванне для заняткаў варкаўтам, бегавыя дарожкі з прагумаванай дробкі. Абсталявана пляцоўка для вывучэння Правілаў дарожнага руху. За два гады ўкладзена звыш 660 тыс. руб., — сказаў намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксей Гамзюк. — Таксама ў Езярышчы адрамантаваны дзіцячы сад. Мадэрнізаваны дах, вокны, пафарбаваны фасад. Унутры абшыты батарэі, абноўлены памяшканні груп, набыта мэбля.
На цырымоніі адкрыцця Езярышчанскай сярэдняй школы прысутнічалі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, прадстаўнікі раённай улады.
— Сумеснымі намаганнямі раённай і абласной улад нам удалося выканаць задуманае. Атрымалася вельмі годна, — паведаміў Уладзімір Уладзіміравіч. — Умовы для якаснага і камфортнага жыцця ў гарпасёлку ёсць. Таму, спадзяюся, колькасць дзетак у школе з кожным годам будзе расці, а моладзь не будзе з'язджаць з родных мясцін.
Пры падрыхтоўцы да новага навучальнага года ў Гарадоцкім раёне асвоілі каля 1,1 млн руб. У райцэнтры адрамантаваны дзіцячы сад №2. Замоўлена праектна-каштарысная дакументацыя на капрамонт СШ №2, які будзе праводзіцца ў наступным годзе. На гэтым тыдні адкрыецца комплексная шматфункцыянальная гульнявая пляцоўка з штучным пакрыццём у СШ №1.