V фестываль аматарскіх фільмаў «Я здымаю кіно» у Полацку: палова ўзнагарод засталася на Віцебшчыне

V фестиваль любительских фильмов «Я снимаю кино» в Полоцке: половина наград осталась на Витебщине
Шляхі для заваявання новых творчых вяршынь адкрывае таленавітай моладзі адзіны ў Беларусі конкурс аматараў кіно «Я здымаю кіно» імя Юрыя Тарыча, які на працягу пяці гадоў праводзіцца ў Полацку.

Пяць гадоў таму палачане першымі ў краіне прапанавалі аматарам кінатварэння пляцоўку для абмену вопытам і тым самым чула ўлавілі тэндэнцыю часу. Бо з развіццём лічбавых тэхналогій, якія дазваляюць здымаць відэаролікі на смартфон нават звычайным школьнікам, колькасць прыхільнікаў гэтага віду творчасці пачала няўхільна расці.

За кароткі тэрмін полацкі фестываль набыў рэспубліканскі статус, пашырыў геаграфію і стаў адным з новых культурных брэндаў Віцебскай вобласці. За высокі ўзровень арганізацыі конкурсу, значны ўклад у развіццё і папулярызацыю нацыянальнага кінематографа начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Пётр Падгурскі і старшыня Полацкага райвыканкама, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Мікалай Шаўчук удастоены падзякі міністра культуры Рэспублікі Беларусь.

– Людзі, закаханыя ў кіно, павінны рэалізоўваць сваю мару, і полацкі праект дае ім такую магчымасць. Ён актывізаваў творчыя сілы, ажывіў ініцыятыву, стаў значнай падзеяй у жыцці рэгіёна і краіны, таму і надалей будзе атрымліваць неабходную падтрымку ўпраўлення і Міністэрства культуры, – адзначыў на падвядзенні вынікаў пятага фестывалю Пётр Падгурскі.

Конкурс садзейнічае міжкультурным зносінам, уносіць свой уклад у развіццё падзейнага турызму і міжнароднага супрацоўніцтва. У цэлым за час правядзення ў ім прынялі ўдзел каля 300 аўтараў з 8 краін, якія прадставілі больш за 500 работ у самых розных жанрах: ад мультыплікацыі да злобадзённых сацыяльных ролікаў, эсэ, ігравога і дакументальнага кіно.

Канкурэнцыю беларусам склалі стваральнікі фільмаў з Украіны, Арменіі, Эстоніі, Латвіі, Казахстана, Германіі і двух дзясяткаў рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, уключаючы Маскву, Санкт-Пецярбург, Новасібірск, Уладзівасток.

Удзельнік Валянцін Кутліматаў (Выбарг, Расія): Запатрабаванасць полацкага фестывалю відавочная: ён адзіны для аматараў кінатварэння на вялікай прасторы СНД.

– Запатрабаванасць вашага фестывалю відавочная: ён адзіны для аматараў кінатварэння на вялікай прасторы СНД. Тут цудоўная арганізацыя, цёплая атмасфера, ёсць нават свой анёл-ахоўнік у асобе заснавальніка беларускага кіно, ураджэнца Полацка Юрыя Тарыча. Увогуле, па ўсіх крытэрыях, як кажуць, вы трапілі дакладна ў дзясятку, – падзяліўся ўражаннямі Валянцін Кутліматаў з расійскага Выбарга, які прыехаў у Полацк атрымаць дыплом у намінацыі «Гульнявы фільм».

Заўсёды годна заяўляюць пра сябе нашы землякі – да паловы ўзнагарод конкурсу штогод застаецца на Віцебшчыне

Рэалізацыя праекта спарадзіла ў нашым рэгіёне сапраўдны бум аматараскага кіно. Напрыклад, у Полацку ўжо праводзяцца конкурсы сярод дзіцячых садкоў, школ, сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных устаноў.

Відэа справаздачы аб сваёй дзейнасці пачынаюць прадстаўляць сельскія Саветы. Цікавыя фільмы стварылі раённы цэнтр культуры, цэнтральная бібліятэчная сістэма, народны тэатр гістарычнага касцюма «Полацкі звяз», заслужаны аматарскі калектыў «Пилигрим», асацыяцыя бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў «Струмок».

– Нас цешыць, што палачане ідуць у авангардзе гэтай перспектыўнай справы, працягваючы традыцыі Юрыя Тарыча, які таксама быў першапраходцам у многіх пачынаннях у тэатры і кіно. І асабліва прыемна бачыць, з якім энтузіязмам у працэс творчасці ўцягваецца моладзь, – адзначыў намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Пётр Петкевіч.

Рэкордны ўраджай узнагарод сабраў Полацкі лясны каледж

Майстэрства ўдзельнікаў конкурсу, па словах дацэнта кафедры рэжысуры кіно і тэлебачання Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Артура Ільіных, з году ў год няўхільна расце. Лепшыя працы зроблены на вельмі высокім узроўні, адрозніваюцца новым поглядам на свет, свежымі падыходамі ў падачы матэрыялу. І тыя, хто захоча ўдасканальвацца ў любімай справе, цалкам могуць ператварыць сваё хобі ў прафесію. Тым больш што дыпломы прызёраў конкурсу даюць права бонуснага паступлення ў акадэмію мастацтваў.

Сёлета такой перавагай могуць скарыстацца і прадстаўнікі Полацкага ляснога каледжа, якія сабралі на конкурсе рэкордны ўраджай узнагарод.

Тры гады таму ў каледжы пачало функцыянаваць уласнае студэнцкае інтэрнэт-тэлебачанне «Першы Лясны» – адзінае сярод устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі Віцебшчыны.

Пад кіраўніцтвам педагогаў дадатковай адукацыі Ірыны Гарбаценкі і Мікалая Марчанкі ў вольны ад вучобы час рабяты ствараюць цікавыя відэаролікі, інфармацыйныя і тэматычныя праграмы. Ставяць мэту пастаянна дабівацца новых вышынь, таму ўжо пачалі падрыхтоўку да 6-га рэспубліканскага конкурсу «Я здымаю кіно», прыём заявак на які будзе адкрыты ўжо на пачатку вясны.

"Віцебскія весці".