У фестывальным Віцебску сёння афіцыйна адкрыецца 31-ы «Славянскі базар»
За некалькі гадзін да гэтага ў круглай зале КЗ "Віцебск" адбудуцца адкрыццё міжнароднага прэс-цэнтра і прэс-канферэнцыя да афіцыйнага старту фестывалю. Пазней тут жа журналісты зададуць сур'ёзныя, поцешныя і вострыя пытанні ўладальніцы Гран-пры конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2021" Рухіі Байдукенавай. Затым - народнаму артысту Беларусі Анатолю Ярмоленку з ансамблем "Сябры" - музыканты сёлета ўдастоены спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Беларусі "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення". Так што на Алеі зорак ля Летняга амфітэатра сёння заззяе новы імянны васілёк.
Пленэрная выстава да 140-годдзя з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Я.Коласа і Я.Купалы ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва адкрые праграму Дзён Саюзнай дзяржавы. Прымеркаваныя да іх сустрэчы, выставачныя праекты, святы ў фармаце open-air і дыскусійная пляцоўка пройдуць з 14 па 17 ліпеня.
На Алеі воінскай славы ў парку Пераможцаў адкрыецца патрыятычная выстава "Лёсы, складзеныя ў трохкутнік". Сумесны праект з Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прадставіць Беларускае тэлеграфнае агенцтва.
Суровае вакальнае змаганне працягнецца на юбілейным дзіцячым музычным конкурсе. Цяпер удзельнікі з 15 краін выступяць з песняй на свой выбар.
Адценні Пакістана прадэманструюць мастакі і фатографы гэтай краіны на аднайменнай выставе ў Музеі гісторыі прыватнага калекцыянавання.
Пра жыццё, тэатр і кіно ў шчырым маналогу паведаміць гледачу расійскі акцёр Сяргей Безрукаў. Серыю пастановак майстроў лялечнага віду мастацтва пачне казка мясцовага тэатра "Лялька". Увечары эстафету падхопіць Белгародскі тэатр лялек, прэзентуючы гледачу хронікі блакады "Гаворыць Ленінград".
Адразу на некалькіх адкрытых пляцоўках Віцебска разгорнецца фест вулічнага мастацтва "На сямі вятрах". У цэнтры пачнуць працу кірмаш рамёстваў "Горад майстроў" і свята-конкурс традыцыйнага ткацтва "Палатняныя пераплёты". Ужо ў пяты раз падчас васільковага форуму пройдзе міжнародны фестываль барабаншчыц і мажарэтак.
Аккорды 31-га "Славянскага базару ў Віцебску" сёлета будуць гучаць па 18 ліпеня. Падзеі музычнага свята прымаюць больш за 20 пляцовак і ўстаноў.