У фінале конкурсу «Каралева вясна» Віцебскую вобласць прадставяць студэнткі Надзея Шаблыка і Інга Шарай
Каралева студэнцкай вясны любіць танцаваць, умее ацаніць добры жарт і не церпіць непісьменнасці. У фінале конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства «Каралева Вясна-2013» Віцебскую вобласць прадставяць Надзея Шаблыка (ВДМУ) і Інга Шарай (ВГТУ).
У летапіс студэнцкага жыцця паўночнай сталіцы ўжо ўвайшоў рэгіянальны этап конкурсу, які праходзіў у ВГТУ. Арганізатары і ўдзельніцы падарылі любімаму гораду яркую, маляўнічую, незабыўную вясновую феерыю! Грацыёзныя і абаяльныя першыя прыгажуні ВДУ імя П.М. Машэрава, тэхналагічнага і медыцынскага ўніверсітэтаў паўсталі ва ўсім росквіце. Дзяўчаты бліскалі ў дэфіле, распавядалі аб цікавых падзеях з жыцця, адказвалі на хітрыя пытанні, дэманстравалі бездакорнае веданне этыкету і таленты ў вакальным мастацтве, харэаграфіі, тэатральнай творчасці, арыгінальным жанры. Светлай будучыняй нашай краіны, увасабленнем мары аб выдатным назвала канкурсантак старшыня журы, намеснік генеральнага дырэктара Цэнтра культуры «Віцебск» па спецпраектах, рэжысёр Марына Раманоўская. Аднак конкурс – гэта перш за ўсё спаборніцтва. І ў ім перамаглі наймацнейшыя. Карону ўручылі Надзеі Шаблыка, а Інга Шарай была прызнана Першай віцэ-міс. Другой віцэ-міс стала зорка беларускага КВЗ, студэнтка ВГТУ Ганна Церанцьева. А перамогу ў ан-лайн галасаванні, арганізаваным на сайце GorodVitebsk.by (яно працягвалася да 1 красавіка), атрымала студэнтка ВДУ імя П.М. Машэрава Вольга Гіруць.
Рэспубліканскі конкурс адбудзецца заўтра ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску. Перажываем за нашых!