V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі праходзіць у Магілёве
Акцэнты расстаўлены
Тэматыка асноўных і суправаджальных мерапрыемстваў ахоплівае найважнейшыя аспекты двухбаковага парадку дня: харчовая бяспека, узгодненая прамысловая і сацыяльна-эканамічная палітыка, кааперацыя ў сферы высокіх тэхналогій і інавацый, моладзевая палітыка. «За гады існавання Саюзнай дзяржавы Беларусь і Расія дасягнулі высокага ўзроўню прамысловай і навукова-тэхнічнай кааперацыі. І рэзервы не вычарпаны. Наша задача заключаецца ў тым, каб не толькі захаваць дынаміку двухбаковага ўзаемадзеяння, але і прыкметна дадаць да таго, што маем», – заявіў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч.
Важны элемент гэтай працы – уніфікацыя і гарманізацыя нацыянальных заканадаўстваў. Менавіта гэты працэс можа забяспечыць функцыянаванне адзіных рынкаў, свабоду перамяшчэння тавараў, паслуг, капіталаў і працоўнай сілы – тыя стратэгічныя мэты, да якіх імкнуцца нашы краіны.
Цэнтральнай падзеяй V Форуму рэгіёнаў 12 кастрычніка стане пленарнае пасяджэнне на тэму «Прыярытэтныя напрамкі развіцця рэгіянальнага супрацоўніцтва як ключавога фактара інтэграцыі і саюзнага будаўніцтва», якое пройдзе з удзелам кіраўнікоў дзяржаў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Гэтая тэма выбрана не выпадкова, бо сувязі паміж рэгіёнамі становяцца ўсё больш значным фактарам умацавання беларуска-расійскага партнёрства. Секцыі будуць працаваць па пяці тэматычных напрамках: аграрная палітыка, развіццё лічбавай эканомікі, міжнародная дзейнасць і эканамічная бяспека, уніфікацыя і гарманізацыя заканадаўстваў, сацыяльная і грамадзянская актыўнасць моладзі.
Узаемнавыгаднае супрацоўніцтва
Калі гавораць пра эфектыўнасць форумаў рэгіёнаў, акцэнт нярэдка робяць на сумах кантрактаў. «Безумоўна, бо гэта важная складнік праграмы форуму, – звярнуў увагу Міхаіл Мясніковіч. – Сёлета ў яе ўпершыню ўключаны Савет дзелавога супрацоўніцтва, які збярэ кіраўнікоў суб'ектаў гаспадарання дзвюх краін. Такія сустрэчы не толькі спрыяюць умацаванню бізнес-кантактаў, збліжэнню нашых пазіцый па многіх пытаннях, але і надаюць імпульс сумесным праектам».
Перспектыўнымі ў гэтым плане з'яўляюцца такія напрамкі, як хімія, электроніка, фармакалогія, біятэхналогіі, IT-індустрыя. У саюзныя праекты можна прыцягваць і кампаніі з трэціх краін.
Той факт, што з кожным годам колькасць падпісаных на форуме камерцыйных кантрактаў і пагадненняў расце, сведчыць аб запатрабаванасці гэтай пляцоўкі. Да прыкладу, калі на II Форуме рэгіёнаў у Сочы было заключана кантрактаў на агульную суму 230 млн долараў, на трэцім у Мінску – ужо больш чым на 300 млн, на чацвёртым у Маскве – звыш 400 млн. За час правядзення форумаў падпісана 139 пагадненняў аб супрацоўніцтве, заключана экспартных камерцыйных кантрактаў на суму больш за 930 млн долараў. Усё гэта ў канчатковым выніку працуе на ўмацаванне эканамічнага патэнцыялу нашых краін, спрыяе стварэнню новых працоўных месцаў і росту дабрабыту людзей.
Уніфікацыя заканадаўстваў
Адна з мэт Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы – фарміраванне адзінай эканамічнай прасторы. А гарманізацыя і ўніфікацыя заканадаўстваў з'яўляюцца сродкамі яе дасягнення. У Саюзнай дзяржаве забяспечаны роўныя правы грамадзян у ключавых сферах жыцця, такіх як праца, сацыяльная абарона, адукацыя, ахова здароўя.
Грамадзянскае і працоўнае заканадаўства ў цэлым ужо гарманізавана – у іх замацаваны падобныя падыходы да прававога рэгулявання. Вялікую ролю ў працэсе збліжэння заканадаўстваў адыграла еўразійская інтэграцыя. Яна дазволіла ў значнай ступені ўніфікаваць і гарманізаваць многія важныя сферы: мытнае рэгуляванне, дзяржаўныя закупкі і іншыя. «Але гэта стала магчымым у тым ліку дзякуючы той велізарнай працы, якая праведзена ў Саюзнай дзяржаве.
Потенцыял для далейшага збліжэння маецца, але мы не разглядаем гэты працэс як самамэту. Важна вызначыць тыя сферы, гарманізацыя і уніфікацыя якіх дадуць нашым краінам узаемную выгаду: будуць спрыяць узмацненню інвестыцыйнага патэнцыялу, вытворчай кааперацыі і, самае галоўнае, палепшаць жыццё нашых грамадзян.
Цяпер распрацоўваецца Канцэпцыя збліжэння заканадаўстваў дзяржаў – удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Савет Рэспублікі вельмі актыўна працуе над гэтым дакументам», – напрыканцы растлумачыў Міхаіл Мясніковіч.
Па матэрыялах БелТА.