У Галоўным статыстычным упраўленні па Віцебскай вобласці расказалі, што падаражэла, а што патаннела ў чэрвені ў параўнанні з маем 2014 года
Індэкс спажывецкіх цэн на тавары па Віцебскай вобласці ў чэрвені 2014-га да мая бягучага года склаў 100,8 працэнта, да снежня 2013-га — 107,6 працэнта, паведамілі ў Галоўным статыстычным упраўленні рэгіёна. Харчовыя тавары за чэрвень падаражэлі ў параўнанні з маем на 1,3 працэнта, а нехарчовыя — на 0,1 працэнта, кошт паслуг павялічыўся на 1,4 працэнта, да снежня 2013 года — на 11,5, 2,2 і 15,8 працэнта адпаведна.
У разрэзе асноўных груп харчовых тавараў за чэрвень у параўнанні з маем павялічыліся цэны на мяса і птушку (4,7 працэнта), каўбасныя вырабы і копчанасці (2,8), муку пшанічную (1,7), алей і макаронныя вырабы (0,6), малако і малочныя прадукты (0,2), напоі алкагольныя (0,4), бульбу (65,9 працэнта). А вось цэны на сыры, масла жывёльнае, цукар, садавіну, гародніну, як сведчыць абласная статыстыка, у чэрвені былі некалькі ніжэйшыя за майскія.
Адзначым, што з нехарчовых тавараў патаннелі абутак і мэбля, а з усяго пераліку паслуг менш мы маглі плаціць за паслугі культуры, а менавіта тыя з іх, якія прадастаўляюць канцэртныя арганізацыі. Чэрвеньскі індэкс цэн у адносінах да мая тут склаў 51,1 працэнта.
Вера МУРАШКІНА,"Віцьбічы"