У Глыбокім адкрылася дзіцячая мастацкая школа ў гонар Язэпа Драздовіча

В Глубоком открылась детская художественная школа в честь Язепа Дроздовича

У Глыбокім пасля капітальнай рэканструкцыі адбылося адкрыццё дзіцячай мастацкай школы імя Язэпа Драздовіча. На ўрачыстай цырымоніі прысутнічалі старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Мархат.

Успамінаючы слаўную гісторыю горада і раёна, глыбачане з гонарам называюць імёны знакамітых землякоў, сярод якіх мастак, фалькларыст, этнограф Язэп Драздовіч, пісьменнік, сцэнарыст Тадэуш Даленга-Мастовіч, заснавальнік першага прафесійнага беларускага тэатра Ігнат Буйніцкі. Нямала творчых людзей і сёння праслаўляюць малую радзіму ў сваіх працах. Задача выкладчыкаў мастацкай школы — з малых гадоў прывіваць любоў да прыгожага, вучыць бачыць прыгажосць навакольнага свету і ўмела адлюстроўваць свае пачуцці, эмоцыі на палатне.

У школе займаюцца 90 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 6 да 15 гадоў. Яны атрымліваюць класічную мастацкую адукацыю. Акрамя асноўных урокаў ёсць факультатывы па батыку, пластылінаграфіі. Невялікі ўтульны будынак, абноўлены звонку і знутры, — лепшы падарунак для юных майстроў Глыбоччыны.

Адзначаючы добрасумленную, якасна выкананую працу будаўнікоў, Алег Мархат выказаў словы падзякі абласному выканаўчаму камітэту і асабіста яго старшыні Аляксандру Касінцу за дапамогу ў рэканструкцыі і мадэрнізацыі аб'ектаў сацыяльнай сферы. Таксама ён падзякаваў Уладзіміру Андрэйчанку, які як дэпутат рэгулярна праводзіць у Глыбокім прыёмы грамадзян, ведае праблемы рэгіёна, дапамагае з фінансаваннем у іх вырашэнні.

У сваю чаргу, Уладзімір Паўлавіч павіншаваў настаўнікаў і вучняў са знамянальнай падзеяй, адзначыў, што ў апошнія гады ў рэспубліцы, і ў прыватнасці ў Віцебскай вобласці, шмат увагі надаецца развіццю аб'ектаў культуры, захаванню традыцый. У Саюзе мастакоў Беларусі знаходзяцца больш за 130 майстроў нашай вобласці. А колькі таленавітых паэтаў, скульптараў узгадавала гэтая зямля! Дэпутат пажадаў навучэнцам стаць сапраўднымі майстрамі пэндзля, любіць родны край. Дырэктару школы Жанне Балабуевай ён перадаў падарункавы сертыфікат на 15 млн рублёў для набыцця камп'ютарнай тэхнікі.

Характэрна, што важная для глубочан падзея адбылася ў год святкавання 125-годдзя з дня нараджэння Язэпа Драздовіча. На цырымоніі адкрыцця мясцовы паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Жыгуноў, прачытаў адзін са сваіх вершаў, прысвечаных знакамітаму земляку. У фае будынка размясцілася выстава работ навучэнцаў.

У адным з класаў прайшла тэатралізаваная інсцэніроўка пра Язэпа Драздовіча і яго вучняў. Майстар навучаў іх на палатне ствараць «люстэрка» прыроды, адлюстроўваць таямнічы свет душы, укладаючы ў кожны штрых пачуцці і эмоцыі.

На ўрачыстае мерапрыемства гаспадыня агратурыстычнага комплексу «Утрына» Святлана Мельнічэнка разам з сынамі Раманам і Русланам, былымі вучнямі мастацкай школы, прывезлі каштоўны падарунак — «маляваны дыван», верагодна, працу Язэпа Драздовіча. Плануецца правесці экспертызу і ўстанавіць сапраўднасць малюнка. Але ў любым выпадку перададзеная карціна будзе захоўвацца ў школе разам з двума іншымі «маляванкамі» Язэпа Нарцызавіча.

Мастацкая школа мае сваю эмблему — слімак з пэндзлікам. Па словах Жанны Балабуевай, у абноўленым будынку ў найбліжэйшай будучыні адкрыюцца студыі для дашкольнікаў і дарослых. Утульная школа павінна стаць другім домам для ўсіх, хто любіць і цэніць мастацтва, марыць стаць мастаком, скульптарам, дызайнерам.

Дыяна Берніковіч, "Віцебскія весці"