У Глыбокім пасля капітальнага рамонту ўрачыста адкрылі інфекцыйны корпус ЦРБ
Права перарэзаць сімвалічную чырвоную стужку арганізатары даручылі старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміру Андрэйчанку, старшыні райвыканкама Аляксандру Шубскаму і галоўнаму ўрачу лячэбнай установы Вячаславу Сабынічу.
– Выказваю словы падзякі кіраўніцтву вобласці, раёна за актыўны ўдзел у рэалізацыі гэтага праекта, будаўнікам і медыкам, – падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка. – Здароўе нацыі – адзін з найважнейшых прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі нашай краіны і асабіста Прэзідэнта Беларусі. У плане развіцця аховы здароўя ў апошнія гады зроблена нямала. Дзейнічаюць навукова-практычныя цэнтры, велізарная ўвага надаецца рэканструкцыі, будаўніцтву лячэбных устаноў, іх перааснашчэнню, падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў.
Значныя пераўтварэнні адбываюцца не толькі ў буйных гарадах, але і ў раённых цэнтрах, на вёсцы. Так, пры падтрымцы Уладзіміра Андрэйчанкі ў Глыбокім раней з'явілася першакласная стаматалагічная паліклініка, пачынаючы з 2015 года праводзіўся капітальны рамонт тэрапеўтычнага, хірургічнага аддзяленняў, набыты аўтамабілі хуткай медыцынскай дапамогі.
Абнаўленне інфекцыйнага аддзялення, разлічанага на 20 ложкаў, – новы крок у развіцці аховы здароўя паўночна-заходняга рэгіёна вобласці. Апошнія 11 гадоў кваліфікаваную медыцынскую дапамогу тут аказваюць жыхарам не толькі Глыбоцкага, але і Шаркаўшчынскага раёна.
Па словах Аляксандра Шубскага, у перспектыве – правядзенне не менш маштабных рамонтных работ у іншых аддзяленнях лячэбнай установы. Комфорт і ўтульнасць у бальнічных сценах – не раскоша, а рэаліі цяперашняга часу. Затрачаныя сродкі – уклад у здароўе жыхароў рэгіёну, а яно бясцэннае.
Аляксандр Мікалаевіч падзякаваў Уладзіміра Паўлавіча, кіраўніцтва вобласці за разуменне праблем раёна, дапамогу і падтрымку, падкрэсліў, што Глыбоччына мае каласальны патэнцыял для далейшага сацыяльна-эканамічнага развіцця.
Пажадаўшы здароўя пацыентам абноўленага корпуса, Вячаслаў Сабыніч выказаў словы падзякі кіраўніцтву, работнікам ДКУСП «Глыбоцкая ПМК-48» за высокі прафесіяналізм, майстэрскае выкананне пастаўленых задач, адзначыў старанні ўсіх, хто прымаў удзел у правядзенні рамонтных работ, добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі.
Пасля завяршэння ўрачыстай цырымоніі Вячаслаў Сабыніч правёў для гасцей міні-экскурсію па абноўленым будынку. Маштабы праведзенай работы ўражваюць. Напрыклад, у бальнічным корпусе замянілі інжынерныя сеткі, каналізацыю, у памяшканнях усталявалі новыя ламінарныя шафы, рэцыркулятары паветра, дазатары. У дзевяці боксах з'явілася сучасная мэбля, а ў санузлах – душэвыя кабіны, ванны.
На памяць аб наведванні цэнтральнай раённай бальніцы Уладзіміру Паўлавічу падарылі абраз святога велікамучаніка і лекара Панцеляймона, які вышыла бісерам урач-педыятр Ірына Вышадка. На тэрыторыі лячэбнай установы ёсць капліца, узведзеная ў гонар святога, пабудаваная на ахвяраванні глыбчан. Яе наведваюць не толькі пацыенты, але і ўрачы.
У гутарцы з работнікамі райбальніцы Уладзімір Паўлавіч акцэнтаваў увагу на якасці падрыхтоўкі медыцынскіх кадраў, гаварыў пра тое, як змяніўся Глыбоцкі раён у апошнія гады.
У гэты ж дзень дэпутат правёў асабісты прыём грамадзян. Тых, хто звярнуўся, цікавілі пытанні, якія тычацца налічэння пенсіі, гандлёвага абслугоўвання на вёсцы, выплаты запазычанасці і г. д. Па кожным з іх былі дадзены тлумачэнні і рэкамендацыі.