У Глыбокім пройдзе «Вішнёвы фестываль»
Сёння ў Глыбокім стартуе раённае свята «Вішнёвы фестываль», якое працягнецца сем дзён.
У праграме ўрачыстасці - творчыя і спартыўныя конкурсы, гульнёвыя праграмы, кулінарная выстава-дэгустацыя «Вішнёвае багацце», навукова-практычны семінар па садаводстве, канцэрт жывой музыкі «Вішнёвы этюд», этнадыскатэка і многае іншае.
Таксама запланаваны двухдзённы Міжнародны інвестыцыйны форум «ГлыбокаеІнвест». Ён будзе праводзіцца па некалькіх тэматычных напрамках: культурнае супрацоўніцтва, адукацыя і інавацыі, развіццё коннага віду спорту, папулярызацыя здаровага ладу жыцця, эфектыўнае энергазберажэнне пры вытворчасці цяпла і яго спажыванні і г.д.
Па словах арганізатараў, форум акажа дабратворны ўплыў на паспяховае развіццё, умацаванне міжнароднага і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, будзе садзейнічаць сумеснай рэалізацыі інвестыцыйных праектаў.
Дыяна Берніковіч, "Віцебскія весці"