У Глыбокім прайшоў фестываль вішні

В Глубоком прошел фестиваль вишни
Першы ў Беларусі вішнёвы фестываль праходзіў з 21 па 27 ліпеня. Да падзеі быў прымеркаваны інвестыцыйны форум, у якім прынялі ўдзел некалькі сотняў гасцей з замежных краін. За час правядзення фестывалю вішня паспела стаць брэндам горада: тут адкрыўся помнік "Вішнёўка", закладзены вялікі вішнёвы сад з 1414 саджанцаў, неўзабаве з'явіцца Вішнёвая вуліца.

Першы ў Беларусі вішнёвы фестываль праходзіў з 21 па 27 ліпеня. Да падзеі быў прымеркаваны інвестыцыйны форум, у якім прынялі ўдзел некалькі сотняў гасцей з замежных краін.

За час правядзення фестывалю вішня паспела стаць брэндам горада: тут адкрыўся помнік "Вішнёўка", закладзены вялікі вішнёвы сад з 1414 саджанцаў, неўзабаве з'явіцца Вішнёвая вуліца. Фестываль стане традыцыйным. У наступным годзе яго сумесцяць са святкаваннем 600-годдзя Глыбокага.

У Беларусі, багатай на вішнёвыя дрэвы, фестываль у гонар гэтай ягады яшчэ не праводзіўся. Аднак у свеце мы не першыя. Вішнёвыя фестывалі ўжо шмат гадоў праходзяць у суседняя Літве, у мястэчку Жагары. На мясцовы вішнёвы рынак з'язджаюцца з усёй Прыбалтыкі: падзея ўнесена ў пералік рэкамендаваных для наведвання турыстамі і актыўна прарэкламавана. Аналагічныя фестывалі праводзяцца ў расійскім Уладзіміры, харвацкім Лоўране, амерыканскіх Вашынгтоне і Трэвер-сіці.

Незалежная газета ''Вольнае Глыбокае'' адзначыла на сваіх старонках, што "ідэя – лепшая з таго, што можна было выбраць". "Трэба дзякаваць Богу, што ў якіх-небудзь Докшыцах, Шаркаўшчыне ці Верхнядзвінску не дадумаліся да гэтага", - напісаў карэспандэнт выдання.

"Праект фестывалю быў прадстаўлены ў снежні мінулага года на міжнародным форуме ''Імідж Беларусь'', які прайшоў у Мінску, – кажа Галіна Унуковіч, намеснік старшыні арганізацыйнага штаба па падрыхтоўцы і правядзенні вішнёвага фестывалю. – Ідэя правядзення фестывалю лягла на ўрадлівую глебу, бо наш горад спрадвеку славіцца багатымі вішнёвымі садамі. Практычна на кожным падворку растуць вішнёвыя дрэвы".

"Таксама мы зыходзілі з таго, што маем магутную вытворчую сферу і можам перапрацаваць вішню і на кансервавым заводзе, і на хлебазаводзе, і на вінзаводзе, і на малочнакансервавым камбінаце, – працягнула Галіна Унуковіч. – Найбольш інавацыйны прадукт, які мы стварылі – вішнёвае віно, якое прызначана стаць больш здаровай заменай пладова-ягадных вінаў. Наша навінка ўжо адзначана медалямі на аглядах-конкурсах у Мінску і Маскве".

Фестывальны тыдзень прайшоў хутка – ужо занадта насычанай аказалася праграма. Акрамя традыцыйных канцэрта і кірмаша, у рамках фестывалю прайшоў конкурс прыгажосці. ''Вішнёвай каралевай'' была абрана Таццяна Стахоўская, работніца РПУ ''Глыбокаерайгаз''.

Цяжка было не заўважыць вялікую колькасць машын і аўтобусаў з літоўскімі і латвійскімі нумарамі. На вішнёвы фестываль прыехалі не толькі бізнесмены на інвестфорум, турысты, але і школьнікі – было заўважана некалькі латвійскіх школьных аўтобусаў. Менавіта ў адсутнасці замежных гасцей на нашых фестывалях і крыецца галоўная праблема ўсяго ўнутранага падзейнага турызму.