У Глыбокім прайшоў юбілейны кінафестываль «Magnificat»
За 10 гадоў у працы кінафестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat» удзел прынялі дакументалісты з некалькіх дзясяткаў дзяржаў свету. Сёлета яны правялі адзін дзень у беларускай сталіцы, чатыры — у Глыбоцкім раёне. Замежным гасцям цікавая вёска Мосар, пяць гадоў таму названая «зонай цвярозасці», аграгарадок Удзела, дзе пры касцёле ўсталявана фігура святога Максіміліяна Кольбэ, нябеснага апекуна журналістаў, літаратараў, дакументалістаў. Менавіта тут 10 гадоў таму і стартаваў праект «Magnificat». З таго часу традыцыйна ўдзельнікі фестывалю, жыхары вёскі збіраюцца каля касцёла, каб пагаварыць пра значнасць духоўнага кіно, зрабіць памятнае фота.
Адзіных крытэрыяў, характэрных для хрысціянскага кіно, няма. Адны лічаць, што лейтматывам карцін павінна быць вера, хрысціянская этыка, заснаваная на Божых запаведзях, і эстэтыка. Іншыя сцвярджаюць, што кіно ўжо само па сабе з'яўляецца хрысціянскім, калі не заклікае да гвалту, не апявае заганы чалавецтва. Па словах нязменнага старшыні кінафестывалю Юрыя Гарулева, якасць створаных фільмаў і тэлепраграм няўхільна расце, больш выразна праглядаецца глыбіня аўтарскіх назіранняў.
Галоўную ўзнагароду юбілейнага кінафестывалю — бронзавую статуэтку Багародзіцы, створаную па вобразе цудатворнай іконы Маці Божай Будслаўскай, — сёлета атрымаў кранальны фільм беларускага рэжысёра Ігара Бышнева «Дачка Прыпяці», які распавядае пра пажылую жанчыну, на долю якой выпала нямала выпрабаванняў.
Найлепшым дакументальным фільмам адзначана кінастужка польскага сцэнарыста і рэжысёра Крыштафа Журоўскага «Танго Папы», якая распавядае пра аргенцінца Хорхе Марыё Берголья, абранага Папам Рымскім. Праца маладога рэжысёра, ураджэнкі Глыбокага Анастасіі Мірашнічэнкі «Рана ў сэрцы. Міхал Клеафас Агінскі» названа найлепшай тэлепраграмай.
«
Сталінградская Багародзіца» расійскага сцэнарыста і рэжысёра Ніка Гарачкіна адзначана дыпломам і прызам журы за новы погляд на тэму вайны і адлюстраванне ідэі прымірэння, прабачэння, а кінастужка французскага дакументаліста Уладзіміра Казлова «Мікалай Грэшны» — за раскрыццё вобраза аднаго з найбольш таленавітых майстроў, якія стваралі фрэскі ў ХХ стагоддзі.Апроч асноўных, уручаны і спецыяльныя ўзнагароды. Напрыклад, галоўны прыз Глыбокскага райвыканкама атрымаў фільм польскага рэжысёра і сцэнарыста Юрыя Каліны
«Сеябіт» пра вяскоўца Дарафея Фіеніка, які кіруе царкоўным хорам, з'яўляецца рэдактарам этнаграфічнага часопіса, заснавальнікам вясковага музея і аўтэнтычнага фальклорнага калектыву. Таксама глыбачане ўручылі спецыяльныя прызы імя вядомых землякоў: беларуска-польскага пісьменніка, сцэнарыста, кінарэжысёра Тадэуша Даленгі-Моставіча, «бацькі беларускага тэатра» Ігната Буйніцкага, археолага, жывапісца і скульптара Язэпа Драздовіча.У межах фестывалю праходзіў паказ 12 дзіцячых мультфільмаў, створаных кінематаграфістамі з Беларусі, Іспаніі, Расіі, Польшчы, Азербайджана і Індыі. На думку юных членаў журы, анімацыйны фільм іспанца Рыгора Муры
«Хто даўжэй» аказаўся самым цікавым, яркім і прыгожым.У цэнтры вёскі Івесь Глыбоцкага раёна красуецца каштанавая алея міжнароднага фестывалю, якая сімвалізуе прысутнасць кожнай краіны-ўдзельніцы хрысціянскага кінафоруму ў сумесным дыялогу згоды і разумення паміж рознымі культурамі і канфесіямі. Сёлета да наяўных дрэўцаў далучыліся яшчэ два саджанцы – упершыню на
«Magnificat» прыехалі дакументалісты з Азербайджана і Македоніі.Дыяна Берніковіч,