У Глыбокім прайшоў афлайн-трэнінг «Разумныя гарады Беларусі – шляхі да развіцця»

В Глубоком прошел офлайн-тренинг «Умные города Беларуси – пути к развитию»
- 22 ліпеня споўнілася 126 гадоў з дня нараджэння ўраджэнца Глыбокага, вядомага ўсяму свету авіяканструктара, доктара тэхнічных навук, двойчы Героя Сацыялістычнай Працы Паўла Восіпавіча Сухога, – адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Тарасевіч. – Сімвалічна, што і значную для нас сустрэчу вырашылі правесці ў сценах сярэдняй школы №1, якой прысвоена імя земляка. Афлайн-трэнінг – адно з першых і найцікавейшых мерапрыемстваў – у праграме міжнароднага свята «Вішнёвы фестываль», якое стартавала сёння. Размова аб перспектывах тэхналогій «разумных гарадоў» удала спалучае тэхнічны і творчы пачатак.

У пацвярджэнне гэтых слоў удзельнікаў афлайн-трэнінгу запрасілі на цырымонію памятнага гашэння паштовай маркі ў гонар «Вішнёвага фестывалю» г. Глыбокае спецыяльным паштовым штэмпелем. Намеснік Міністра сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Ганна Рабава, старшыня райвыканкама Аляксандр Шубскі, памочнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэй Раманаў, дырэктар Віцебскага філіяла рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства паштовай сувязі «Белпошта» Сяргей Максак першымі прынялі ў гэтым удзел. На прадастаўленых канвертах былі наклеены маркі з выявай герба Глыбокага.

– Калі мы даведаліся, што фестываль у Глыбокім стаў SMART, мы не маглі прапусціць гэту падзею, – падкрэсліла ў сваім выступленні Ганна Мікалаеўна. – Для мяне гэтая сустрэча хвалюючая яшчэ і таму, што мой бацька скончыў Маскоўскі авіяцыйны інстытут, усё жыццё прысвяціў авіябудаванню. Дзякуй глыбачанам за ініцыятыву правядзення такога неабходнага афлайн-трэнінгу. У сваю чаргу гатовы падтрымаць іх удзел у нашых пілотных праектах, зрабіць дадзены рэгіён адным з «тытульных» у рэалізацыі ўнікальнага праекта «Разумныя гарады Беларусі». Мы бачым велізарны патэнцыял у рэгіянальнай цыфравізацыі. На жаль, да гэтага часу наватарствы, цыфравізацыя пераважна датычыліся буйных гарадоў. Недастатковая ўвага надавалася тым магчымасцям, таму патэнцыялу, які нясе цыфравізацыя ў рэгіёны. За апошнія гады мы сур'ёзна заняліся гэтым пытаннем, вывучалі сусветную практыку. Спадзяёмся, што пералік мерапрыемстваў, якія рэалізуюцца, адкрые новыя перспектывы для сацыяльна-эканамічнага развіцця ўсіх рэгіёнаў краіны.

Па словах старшыні Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў Веры Целіцы, 17 сакавіка гэтага года ў райцэнтры прайшоў навукова-практычны форум «Інтэлектуальная моладзь: ад SMART-ініцыятывы да SMART-горада», які стаў яскравым пацвярджэннем таго, што падрастаючае пакаленне нароўні з дарослымі актыўна ўключаецца ў вырашэнне актуальных задач сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця краіны, шукае для гэтага новыя падыходы, прапануе крэатыўныя ідэі. Афлайн-трэнінг – свайго роду працяг пачатай працы ў гэтым напрамку.

Вера Міхайлаўна падзякавала старшыню Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Андрэйчанку за падтрымку ў вырашэнні многіх пытанняў, у тым ліку і датычных цыфравізацыі, таксама выказала словы падзякі міністэрству сувязі і інфарматызацыі за падтрымку ідэй і магчымасці плённага супрацоўніцтва.

 У рамках пленарнага пасяджэння ўдзельнікі афлайн-трэнінгу абмеркавалі шэраг важных пытанняў. Напрыклад, намеснік начальніка ўпраўлення дзяржаўных ІКТ-праектаў і закупак Мінсувязі Алена Шорр акцэнтавала ўвагу прысутных на дзяржаўным рэгуляванні рэгіянальнага лічбавага развіцця, начальнік навукова-даследчага аддзела інфакамунікацый ААТ «Гіпрасувязь» Сяргей Патэтэнка гаварыў аб стварэнні спрыяльных умоў для ўкаранення, функцыянавання і развіцця адзінай сістэмы «разумнага горада». Вядучы спецыяліст аддзела стратэгічнага маркетынгу РУП «Белтэлекам» Наталля Падута дэталёва прадставіла пілотны праект па стварэнні і ўкараненні мабільнага прыкладання «Мой горад» Полацк.

– Праект паказаў сваю жыццяздольнасць, прыступаем да яго далейшага маштабавання, – падкрэсліла Наталля Аркадзьеўна. – Мэта нашага праекта – спрасціць жыццё ў горадзе, прадаставіць яго жыхарам і гасцям дадатковы канал камунікацыі з усёй неабходнай гарадской інфраструктурай. Унікальнасць мабільнага прыкладання ў тым, што ўсе сэрвісы сабраны разам і датычацца асобнага горада. Зразумелы інтэрфейс таксама адыгрывае немалую ў гэтым ролю. Ключавы момант – інтэрактыўнасць праекта. Дадатак змяшчае не толькі інфармацыю аб канкрэтнай арганізацыі, але можна, напрыклад, запісацца на прыём, замовіць столік у рэстаране і г.д. Аналагі такога прыкладання ў краіне пакуль няма.

Пасля завяршэння пленарнага абмеркавання для ўдзельнікаў афлайн-трэнінгу быў прадстаўлены выставачны праект «Легенда сусветнай авіяцыі», прысвечаны 126-годдзю з дня нараджэння авіяканструктара П.В.Сухога.

Упершыню ў Глыбокім была арганізавана прэзентацыя выставы Ноўкінскай сярэдняй школы Віцебскага раёна. У прыватнасці намеснік дырэктара дадзенай установы адукацыі Ірына Хірэвіч паказала унікальныя прадметы з музейнага пакоя «Гісторыя космасу». Экспазіцыя выклікала цікавасць як у дзяцей, так і ў дарослых.

На цэнтральнай плошчы ў гэты дзень праходзіла выстава-прэзентацыя «Касмічныя, авіяцыйныя і інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі для «разумных гарадоў (рэгіёнаў)». Свае найноўшыя дасягненні, распрацоўкі прэзентавалі рэзідэнты індустрыяльнага парка “Вялікі камень”: ЗАТ “Авіяцыйныя тэхналогіі і комплексы”, ТАА “Кітайска-беларускі высокатэхналагічны аэракасмічны цэнтр даследаванняў і распрацовак”, а таксама Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава, Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства электрасувязі “Белтэлекам” і рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства паштовай сувязі «Белпошта».

Свае праекты і ідэі агучылі Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей, аддзел па адукацыі, а таксама сектар спорту і турызму райвыканкама.

"Віцебскія весці".