У Глыбокім з размахам адсвяткавалі абласныя "Дажынкі-2022"

Глыбокае з размахам прымае фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2022», каб разам з прадстаўнікамі ўсіх рэгіёнаў Віцебшчыны падвесці вынікі працы земляробаў свайго краю і даць старт ушанаванню хлебаробаў па ўсёй вобласці. Свята залатога коласа і важкага каравая супала з Днём народнага адзінства, што надало ўрачыстасцям асаблівы сэнс і гучанне.

У святы і будні Беларусь памятае страшны вынік вайны – разбураныя гарады і вёскі, скалечаныя душы і сэрцы мільёнаў ні ў чым невінаватых людзей. Беларусь памятае і цэніць Вялікую Перамогу, якая аб'яднала і заўсёды будзе аб'ядноўваць людзей розных пакаленняў ад малога да вялікага, колькі б часу ні прайшло!


Таму свята працы, фестываль-кірмаш «Дажынкі» пачалося з ускладання кветак на пліты аднаго з найбуйнейшых масавых пахаванняў ваеннапалонных ва ўрочышчы Борак. У гады Вялікай Айчыннай вайны тут хавалі вязняў фашысцкага канцлагера, які размяшчаўся ў Бярозвеччы. Паводле ацэнак спецыялістаў, тут спачываюць астанкі не менш за 27 тысяч чалавек.

Хвіліна маўчання і калона з прадстаўнікамі ўсіх раёнаў Віцебшчыны накіроўваецца ў цэнтр Глыбокага, у раённую гімназію – адну з самых сучасных навучальных устаноў вобласці. Такой яна стала пасля капітальнага рамонту будынка і мадэрнізацыі вучэбнай базы, у якія было ўкладзена больш за 5 млн. руб. Уваход праз турнікет па персанальных картках навучэнцаў, далей зручны гардэроб, кабінеты.
Знаёмячы гасцей з гімназіяй, яе дырэктар Лілія Молчун гаварыла аб поспехах яе выхаванцаў: восем сталі пераможцамі рэспубліканскай алімпіяды, на цэнтралізаваным тэсціраванні чацвёра навучэнцаў набралі па 100 балаў па беларускай мове, хіміі і біялогіі, і па ўсіх прадметах сярэдні бал глыбоцкіх гімназістаў аказаўся вышэйшы за сярэднеабласны.
Мабыць, гэты поспех заканамерны. Бо дзяцей вядзе па краіне ведаў творчы калектыў, у якім два «Выдатнікі адукацыі», два настаўнікі-метадысты, 84% педагогаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі.
У Дзень адзінства народа, у дзень ушанавання працаўнікоў самай мірнай прафесіі, педагогі і навучэнцы дзякавалі за клопат пра тых, каму працягваць справу бацькоў.

Такіх радасных сустрэч было ў гэты дзень шмат. Падрыхтоўка да «Дажынак» зрабіла горад прыгажэйшым, а жыццё яго насельніцтва – больш камфортным. Напэўна, у райцэнтры не засталося ніводнага прадпрыемства і ўстановы, якія б не палепшылі ўмовы працы работнікаў, знешні выгляд адміністрацыйных і вытворчых будынкаў. Пералічыць больш за сто аб'ектаў, якіх у гэты год закранулі пераўтварэнні, немагчыма. Прыгажосцю, зручнасцю для наведвальнікаў уражвае разлікова-касавы цэнтр РУП «Віцебскэнерго», гарадское аддзяленне паштовай сувязі, дыспетчарская райгаза, Дом культуры і Дом рамёстваў, а таксама пабудаваныя, адрамантаваныя, добраўпарадкаваныя працоўнымі калектывамі, прадпрымальнікамі, мясцовымі жыхарамі двары, дарогі, гандлёвыя кропкі… У гэтым пераліку асаблівае месца належыць фізкультурна-аздараўленчаму цэнтру, які адкрылі ў гэты дзень. Усё ў ім уражвае функцыянальнасцю, зручнасцю для заняткаў. Пасля таго, як была перарэзана стужка, усё гэта можна было ўбачыць на свае вочы.

– ФАЦ стане не толькі базай для падрыхтоўкі спартсменаў, але і месцам актыўнага адпачынку грамадзян, – адзначыў старшыня райвыканкама Аляксандр Шубскі. – Басейн з чатырма плавальнымі дарожкамі – добры падарунак не толькі для глыбчанін, але і для жыхароў суседніх раёнаў. Акрамя гэтага тут адкрываецца шмат новых цікавых магчымасцей для аздараўлення – зала сухіх трэніровак, сауна, трэнажорная зала, зала рытмічнай гімнастыкі і многае іншае.
У развіццё цэнтра было ўкладзена звыш 4,5 млн. руб. Аляксандр Шубскі падзякаваў усім, хто быў датычны да рэалізацыі гэтага знакавага для глыбчан праекта – старшыню Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ Уладзіміра Андрэйчанку, кіраўніцтва вобласці, будаўнікоў і заклікаў усіх актыўна займацца спортам, а спартсменаў краю дасягаць новых вяршынь. Свае пажаданні ў «Кнізе рэкордаў» пакінулі для глыбоцкіх спартсменаў і ганаровыя госці.

Ва ўсім, чаго дасягнуў раён, важкі ўклад працаўнікоў вёскі. Самым яркім сімвалам іх працы з'яўляецца хлебны каравай. Якім ён бывае на святочным і будзённым стале, а таксама дзясяткі вырабаў з мукі ўдзельнікі «Дажынак» убачылі на выставе «Віцебскхлебпрама». Пекары вобласці пакарылі сваім майстэрствам выпечкі і прыгажосцю афармлення вырабаў.

З гарадскога стадыёна ўдзельнікі фестывалю-кірмашу накіраваліся ў Парк Перамогі, каб і тут успомніць пра цану Вялікай Перамогі. У адным строі плячо ў плячо ішлі разам прадстаўнікі вышэйшага эшалона ўлады і мясцовыя кіраўнікі, спецыялісты, механізатары, будаўнікі і дарожнікі… На чале калоны сцягі Рэспублікі Беларусь, Віцебскай вобласці і Глыбокага, несці якія выпаў гонар першаму камбайнеру-тысячніку Аляксандру Арэхаву, «Чалавеку года Віцебшчыны-21», начальніку інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандру Казаку і цяжкаатлету, прызёру чэмпіянату свету сярод юніёраў, чэмпіёну Еўропы сярод юніёраў 2021 года Андрэю Арлёнку.

На ўсім шляху іх прывіталі жыхары краю. Ім было кім і чым ганарыцца на сельскай ніве і прамысловасці, культуры і спорце… У асенняй жніве, напрыклад, удзельнічалі 67 экіпажаў збожжаўборачных камбайнаў, 19 з ліку іх перасягнулі па намалотах тысячны рубеж, агульны намалот склаў 52 тысячы тон.

Удзельнікі фестывалю-кірмашу прынялі ўдзел у цырымоніі адкрыцця канцэртнай пляцоўкі, з якой і пачалося Свята ўшанавання перадавікоў.

У нашай краіне беларусы, як адзіная сям'я, працуюць і святкуюць разам. Так было і ў Глыбокім. Сюды на «Дажынкі» прыехала шмат гасцей - Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка, старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін і старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Анатоль Ліневіч, кіраўнікі міністэрстваў, адміністрацый раёнаў вобласці, члены патрыятычнага марафону «Адзіныя». Кожны са сваімі ўзнагародамі, пажаданнямі і падарункамі.

Першымі ўшанавалі экіпажы-тысячнікі, кожнаму з якіх уручылі памятныя дыпломы, кветкі і канверты з прэміямі. Але падвесці вынік працы без сімвала ўрадлівасці, дабрабыту і жыцця было немагчыма. Ад аграрыяў і калектываў перапрацоўчай прамысловасці Глыбоччыны яго, дажыначны снап, уручылі старшыні аблвыканкама Аляксандру Субоціну.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін на абласным фестывалі-кірмашы "Дажынкі-2022" у Глыбокім адзначыў:

"17 верасня – дзень знакавы ў гісторыі нашай краіны. У гэты дзень у 1939 годзе пачалося ўз'яднанне Заходняй і Усходняй частак Беларусі. Дзякуючы падзеям тых гадоў наша дзяржава перастала быць падзеленай. Дзень народнага адзінства, як і "Дажынкі", займае асаблівае месца ў нашым календары. Нашаму пакаленню выпала мацаваць незалежнасць нашай Радзімы. А яна мацуецца сацыяльна-эканамічнай стабільнасцю. Дабрабыт жыхароў краіны ствараецца працаўнікамі вёскі.

У сёлетнім сельскагаспадарчым сезоне нам удалося дасягнуць лепшых вынікаў у параўнанні з мінулымі гадамі. Агульная вага каравая Віцебшчыны перавысіла 1 100 тысяч тон пры сярэдняй урадлівасці больш за 30 ц/га. Чацвёртую частку сфарміравалі Аршанскі і Віцебскі раёны.

"Дажынкі-2022" – яркая старонка ў гісторыі Глыбоцкага раёна. Адбыліся вялікія пераўтварэнні райцэнтра, і яны будуць працягвацца.

Традыцыйна на свяце перадаецца эстафета "Дажынак" наступнага года. Сталіцай "Дажынак-2023" стане Шаркаўшчына.

Усіх нас аб'ядноўвае праца на зямлі ў імя дасягненняў і дабрабыту кожнага. Вашы поспехі маюць вялікае значэнне для нашай вобласці. З святам!"

Ганаровыя граматы, граматы і Падзякі Аляксандр Субоцін уручыў кіраўнікам і работнікам арганізацый і службаў, якія ўнеслі найбольшы ўклад у падрыхтоўку раёна да «Дажынак». Адзін за адным на сцэну паднімаліся перадавікі сельскагаспадарчай вытворчасці. Падзяку старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ Уладзімір Андрэйчанка ўручыў дырэктару СУП «Мнюта» Сяргею Абіралу, вадзіцелю ААТ «Чарневічы» Аляксею Бортніку і машыністу крана ПМК-48 Юрыю Дубіне, намесніку дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Залатая падкава» Валянціне Крывянок, рабочаму ЖКГ Аляксандру Сінкевічу. Адным словам, усіх адзначаных на свяце не пералічыць. Узнагароды ўручаліся таксама ад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, райвыканкама і райсавета.

- Кожны з прысутных на гэтым свяце, — падкрэсліў старшыня райвыканкама Аляксандр Шубскі, — унёс сваю лепту ў агульны каравай нашай краіны. Уборачная кампанія сёлета праведзена ў аптымальныя тэрміны, што дазволіла пазбегнуць неабгрунтаваных страт ураджаю. Работнікі сельскагаспадарчых арганізацый раёна і ўсе, хто прыйшоў ім на дапамогу ў бітве за ўраджай, паказалі свае лепшыя прафесійныя і чалавечыя якасці. Як вынік, нам удалося перавысіць узровень 2021 года па зборы збожжавых і зернебабовых культур на 18 тысяч тон. Самых высокіх вынікаў у раёне дасягнулі працаўнікі Унітарнага прадпрыемства «Мнюта», атрымаўшы 48,7 ц/га. Больш за мінулыя гады і валавы збор збожжа ў раёне.

Фестываль-кірмаш працягваўся на працягу дня па ўсім горадзе. У гімназіі прайшла абласная канферэнцыя «Дзень народнага адзінства як сімвал згуртаванасці беларускага народа». На цэнтральнай плошчы працавалі дзясяткі тэматычных пляцовак. Тут праходзілі раённы конкурс-выстава малых архітэктурных формаў «Адгалоскі маёй вёскі», конкурс кветкава-агароднінных кампазіцый «Восеньская феерыя», гледачоў забаўлялі бяспечным жыццём супрацоўнікі МНС, працавалі выстава-паказ сельскагаспадарчай тэхнікі «Аграсалон», гандлёвыя рады сувеніраў ад рамеснікаў і прадукцыі прадпрыемстваў вобласці, на калодах пяклі дранікі, на ФАКСе і ў ДЮСШ мераліся сіламі спартсмены. Святочнага настрою дадалі прафесійныя і самадзейныя артысты. Гледачы апладзіравалі Ірыне Дарафеевай, народнаму ансамблю песні і музыкі з Талочына «Аляксандрына», ансамблю КВД «Паўночна-заходні», артыстам нацыянальнага акадэмічнага тэатра Янкі Купалы, які ставіў у Доме культуры знакамітую п'есу «Паўлінка». Скончылася гулянне позна ўвечары.

Дзень адзінства і «Дажынкі» аб'ядналі ўсіх удзельнікаў свята ў адну сям'ю грамадзян, якія жывуць пад мірным беларускім небам, на шчодрай беларускай зямлі, афарбавалі жыццё ўсмешкамі, любоўю і гордасцю за родную Беларусь.

Фота Дзмітрыя ВОСІПАВА і Тамары ПАШКЕВІЧ.