У Глыбокім адбылося адкрыццё раённага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі

Прапанова аб яго стварэнні была агучана ў снежні мінулага года на адной з дыялогавых пляцовак, якія праводзіліся ў рамках падрыхтоўкі да VI Усебеларускага народнага сходу. Менш за два месяцы спатрэбілася глубочанам, каб абагульніць наяўную інфармацыю, сістэматызаваць працу, якая раней праводзілася ў арганізацыях і ўстановах па гэтым напрамку.

Цэнтр размясціўся ў сценах цэнтральнай раённай бібліятэкі. Аднак гэта не значыць, што ўсе мерапрыемствы будуць праходзіць выключна ў кніжным храме. Тут у першую чаргу будзе каардынавацца дзейнасць і выпрацоўвацца адзіная стратэгія па далейшым фарміраванні духоўна-маральных, асабістых якасцей у падрастаючага пакалення.

Першае мерапрыемства, арганізаванае ў форме дыялогу, было прысвечана воінам-інтэрнацыяналістам.

– Кожная падобная сустрэча вяртае ў тыя далёкія краі, дзе нас кожную секунду падсцерагала небяспека. Пяцёра з нашых хлопцаў загінулі ў той вайне, іх імёны на малой радзіме не забыты. Наадварот, падрыхтавана серыя дакументальных фільмаў, праходзяць памятныя мерапрыемствы, гадзіны патрыятызму, – адзначыў старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў войнаў у Афганістане» Антон Ждановіч. – Некалькі раней была выдадзена кніга аб ураджэнцах краю — ветэранах тых баявых дзеянняў.

Запрошаныя на сустрэчу воіны-інтэрнацыяналісты ўспаміналі пра тое, якія выпрабаванні ім давялося перажыць у чужой краіне, як выконвалі баявыя заданні, а ў сне бачылі родныя прасторы. Працягваючы дыялог, прадстаўнікі Маладзёжнай палаты раёна, актывісты БРСМ разважалі пра тое, што значыць для іх патрыятызм і з якога ўзросту можна называцца патрыётам. Меркаванні былі розныя, але сэнс усіх сказаных слоў зводзіўся да аднаго – любові да Радзімы.

– Патрыятычнае выхаванне пачынаецца з сям'і і працягваецца ўсё жыццё, – адзначыў ваенны камісар Глыбокскага і Шаркаўшчынскага раёнаў Сяргей Краснадубскі. – Настаўнік, які старанна з дня ў дзень выкладае свой прадмет, навучае, выхоўвае дзяцей. Хіба ён не патрыёт? Ці ж лекар, які ратуе жыцці людзей. Патрыётам з'яўляецца кожны, хто сумленна, добрасумленна выконвае сваю працу, уносіць пасільны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны.

Намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Тарасевіч назвала патрыятызм неўпрыкметным духоўным стрыжнем пакаленняў і падкрэсліла значнасць падобных сустрэч для моладзі. У сваю чаргу начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Карніловіч прапанавала ў якасці адной з форм работы цэнтра арганізаваць пастаянны догляд за магіламі воінаў-інтэрнацыяналістаў, а таксама за тэрыторыяй парку Перамогі.

"Віцебскія весці".