У Глыбокім стартаваў Вішнёвы фестываль

Пяты міжнародны Вішнёвы фестываль працягнецца ў горадзе да 22 ліпеня (спампаваць праграму).

З гэтага года свята, прысвечанае «чырвоным рубінам», мае новы статус. Фестываль стаў міжнародным. 

- Сёлета да нас прыедуць госці як з блізкага замежжа – Польшчы, Расіі, Латвіі, Літвы, так і з далёкага – Францыі, Кітая, Грузіі, Малдовы, - кажа галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Глыбоцкага райвыканкама Таццяна Мацюшонак.  – Мы заўсёды рады гасцям. Наш горад становіцца месцам яднання розных культур і традыцый. Гэтай тэме будзе прысвечана вялікая дэкаратыўна-мастацкая кампазіцыя «Дружба народаў», якую мы ўрачыста адкрыем у суботу.

Глыбачан і гасцей горада чакае насычаная праграма. Заўтра, у Дзень спорту, можна будзе пагуляць у футбол, валейбол, «у пятнашкі», шашкі і шахматы і нават паглядзець на забег смаўжоў. 20 ліпеня, у Дзень моладзі, пройдзе аўто і велашоў «Вішнёвы заезд», а таксама канцэрт і паказ мод. У пятніцу на цэнтральнай плошчы разгорнецца выстава-кірмаш народных майстроў. Можна будзе самому паўдзельнічаць у майстар-класе і навучыцца старажытным рамёствам.

Асноўныя падзеі фестывалю пройдуць у суботу. У праграме – шэсце вішнёвай каралевы, канцэрты, конкурс баяністаў, дыскатэка, маляўнічы феерверк і многае іншае. 

Вішнёвы фестываль праводзіцца ў горадзе з 2012 года. Глыбокае даўно называюць вішнёвай сталіцай Беларусі. Маленькія сады ёсць практычна каля кожнага дома. А чатыры гады таму на ўездзе ў горад мясцовыя жыхары заклалі велізарны вішнёвы гай з амаль паўтары тысячы дрэў.