У Глыбокім усталёўваюць новыя манументы баявых машын

У цэнтры Глыбокага з'явіліся дзве шматтонныя славутасці, устаноўка і афарбоўка якіх зойме не адзін тыдзень. Брыгады ваенных тэхнікаў з Баранавічаў распраўляюць крылы Су-24 і Су-27, прывезеных у райцэнтр.

Намеснік старшыні райвыканкама Алег Варша паведаміў, што адзін з самалётаў, які заняў ганаровае месца каля ваеннай тэхнікі ў парку Перамогі, будзе гатовы да 9 Мая, другі, «прыпаркаваны» на схіле каля СШ №1 імя П. Сухога, – да 3 ліпеня.

З'яўленне баявых машын мясцовых жыхароў і гасцей горада не здзівіла. Глыбокае – малая радзіма вядомага ўсяму свету авіяканструктара Паўла Сухога. Дарэчы, шмат гадоў таму ў знак павагі да памяці гэтай выдатнай асобы Баранавіцкі авіярамонтны завод падарыў гораду Су-17. Гэта не макет, а самы сапраўдны фюзеляж знішчальніка, які ўдзельнічаў у афганскай вайне. Яго начынне, у прыватнасці, катапультнае крэсла разам з пультам кіравання іншага знішчальніка захоўваюцца ў музеі школы, названай у гонар Паўла Сухога.

Пра глыбокскія карані легендарнага авіяканструктара беларусы даведаліся дзякуючы старэйшаму навуковаму супрацоўніку Гомельскага абласнога краязнаўчага музея Мікалаю Царькову, які на працягу многіх гадоў вывучаў біяграфію Паўла Восіпавіча. У лістападзе 1979 года глыбокская раённая газета «Шлях перамогі» надрукавала яго артыкул пра Паўла Сухога.

Інфармацыя пра знакамітага земляка, Героя Сацыялістычнай Працы, лаўрэата Ленінскай і Дзяржаўнай прэмій СССР, які стварыў больш за 50 канструкцый самалётаў, паслужыла асновай для стварэння музея. У яго фондах больш за тысячу каштоўных экспанатаў, у тым ліку ксеракопіі дакументаў, газетныя артыкулы і фатаграфіі, макеты самалётаў.

Экспанаты музея пад адкрытым небам глыбачанам перадалі на бязвыплатнай аснове. Дарэчы, у бліжэйшыя месяцы па суседстве з ваеннай тэхнікай у парку Перамогі будзе таксама ўсталяваны танк Т-72 у знак вечнай памяці аб тых, хто аддаў жыццё за мірнае неба над Радзімай.

"Віцебскія весці".