У Глыбокім закладуць яшчэ адзін вішнёвы сад

Колькасць вішнёвых садоў у Глыбокім з кожным годам становіцца больш: сёння ў вішнёвай сталіцы Беларусі закладуць яшчэ адзін сад, паведаміла прэс-сакратар Віцебскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў Алена Усцінава.

Пасадка дрэў, прымеркаваная да Года малой радзімы, адбудзецца на тэрыторыі Глыбоцкага псіханеўралагічнага інтэрната. На плошчы 0,5 га работнікі і пацыенты гэтай установы, супрацоўнікі абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў дзяржустаноў пасадзяць 50 саджанцаў вішні. Першы Вішнёвы фестываль, які стаў за апошнія гады брэндавай падзеяй Беларусі, адбыўся ў Глыбокім летам 2013 года. Да яго правядзення ў красавіку была прымеркавана пасадка вялізнага вішнёвага саду на 1414 дрэў, а цэнтр горада ўпрыгожыла скульптура "Глыбоцкая вішня". З таго часу масавыя акцыі па пасадцы вішні сталі ў раёне штогадовымі. Такая акцыя праводзілася і сёлетняй вясной, адзначылі ў Глыбоцкім райвыканкаме.

БЕЛТА.