У Глыбокім заклалі памятную капсулу ў гонар будаўніцтва будынка раённага суда

В Глубоком заложили памятную капсулу в честь строительства здания районного суда
– Будаўніцтва будынка пачынаем, выкарыстоўваючы пазабюджэтныя крыніцы, – адзначыў начальнік Галоўнага ўпраўлення фінансаў, планавання, інвестыцый і кантролю Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь Міхаіл Акунец. – Спадзяемся, што сумесна з раённым выканаўчым камітэтам і грамадскасцю зможам хутка справіцца з задачай. Генеральны падрадчык ААТ «Дартрэйбудмантаж», які выйграў на адкрытых таргах, мае намер выканаць амбіцыйную праграму: будынак узвесці не за 11 месяцаў, як планавалася раней, а за дзевяць, да таго ж скараціць кошт будаўніцтва на 500 тысяч рублёў.

Святары асвяцілі пляцоўку, адведзеную пад новы суд, і памятную капсулу, замураваную ў адным з будаўнічых блокаў. У ёй – пасланне нашчадкам, дакумент, падпісаны ўдзельнікамі сустрэчы, у якім гучыць заклік да будучых пакаленняў берагчы традыцыі землякоў, любіць родны край і шанаваць жыццё.


Суд Глыбоцкага раёна пачаў сваю дзейнасць у студзені 1940 года. У цяперашні час ён размяшчаецца ў невялікім аднапавярховым будынку, пабудаваным у 1905 г. Сучаснае збудаванне будзе значна прасторнейшым, святлейшым і ўтульнейшым. На двух паверхах размесцяцца службовыя кабінеты суддзяў, работнікаў апарата суда, залы судовых пасяджэнняў з дарадчымі пакоямі, архіў і г.д.

Па словах старшыні райвыканкама Алега Мархата, Глыбокае, гісторыя якога налічвае звыш шасці стагоддзяў, з кожным годам становіцца прыгажэйшым. За некалькі апошніх гадоў у райцэнтры з'явілася нямала сучасных адміністрацыйных, сацыяльна-культурных, вытворчых аб'ектаў. Новы будынак па вуліцы Яснай стане яшчэ адной архітэктурнай жамчужынай горада і раёна.

Дзіяна БЕРНІКОВІЧ, фота аўтара. «Віцебскія весці».