У Глыбоцкім раёне пачалася сяўба кукурузы: першыя 40 гектараў засеяны ў ААТ "Сельцы"

Пасеў кукурузы ў вобласці пачаўся з Глыбоччыны. На 15 красавіка на 40 га ААТ «Сельцы» ўжо ляглі насенне ранняга гібрыднага сорту кукурузы расійскай селекцыі «краснадарскі-194МВ».

Дырэктар гаспадаркі Уладзімір Пашукевіч перакананы, што не паспяшаліся. Паводле яго слоў, кукурузу можна сеяць, калі глеба на глыбіні 10 см праграваецца да плюс 8 градусаў. На лёгкіх глебах гэта патрабаванне выканана. Ёсць і другі фактар, які паскарае працэс. Сельгаспрадпрыемства сёлета адвяло практычна ў два разы больш плошчаў пад царыцу палёў. У 2023-м яе вырошчвалі на 250 га, у 2024-м запланавалі пасеяць на 450.

Такі крок кіраўнік тлумачыць неабходнасцю паляпшэння кармавой базы для грамадскага пагалоўя.

Пад культуру адведзены лепшыя землі, іх падкармілі арганікай, падрыхтоўку глебы даверылі Яўгену Протасу. «Беларус-3522» з дыскатарм у яго новы, атрымаў толькі летась. Аднаму з найбольш дасведчаных механізатараў Андрысу Пiлскалнсу давераны непасрэдна пасеў.

Работа на пасяўной у ААТ «Сельцы» ідзе арганізавана па ўсіх напрамках. Механізатары Дзяніс Лешкевіч, Леанід Драгун унеслі ў глебу арганіку. Ім дапамагалі прыцягнутыя на пасяўную работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі і раёна электрычных сетак. На «Росе» вёў другую падкормку азімых механізатар райаграпрамзлучэння Міхаіл Пачопка. На машынным двары засталіся толькі тыя, хто забяспечвае працаздольнасць тэхнікі.

"ВІЦЕБСКІЯ ВЕСТКІ"