У Глыбоцкім раёне будуецца адзін з самых маштабных у Беларусі турысцка-аздараўленчых комплексаў «Пліса»
На рэалізацыю інвестыцыйнага праекта вытворча-будаўнічае ЗАТ «Трэст Прамбуд» (г. Мінск) ужо затраціла больш за 20 млн. долараў. За высокім плотам, уязнымі брамамі, упрыгожанымі каланадай, хаваецца казачны куток. На аб'екце працуюць сотні будаўнікоў, якія, дарэчы, абяцаюць з працай справіцца да снежня.
У структуры будучага аб'екта – пяціпавярховы жылы корпус, лячэбны комплекс, які ўключае гразелячэбніцу, водалячэбнае, фізіятэрапеўтычнае аддзяленні, басейн, джакузі. Прадугледжаны асобныя катэджы кватэрнага тыпу для пражывання сем'яў, культурна-забаўляльны корпус з кафэ-барам, танцавальна-забаўляльнай залай, відэа-канферэнц-залай на 70 месцаў. У цэнтры турыстычна-аздараўленчага комплексу зіхацяць пазалочаныя купалы будучай капліцы прападобнай Ефрасінні Полацкай. Гэта сведчыць аб тым, што адпачывальнікі змогуць не толькі паправіць здароўе, але і «падлячыць» душу.
На свежым паветры гаспадары комплексу абяцаюць зрабіць спартыўную пляцоўку, якая ўключае тэнісны корт, зоны для міні-футбола, валейбола, баскетбола і ўсепагодных трэнажораў. Ля воднай роўнядзі абсталююць пляж і вялікі пірс, куды будуць прычальваць лодкі, яхты, катамараны, адкуль будзе стартоўваць 40-кіламетровы байдарачны маршрут, які пралягае па маляўнічых азёрах Шо, Доўгае, Пліса. Нараўне з пешымі, коннымі прагулкамі можна будзе пакатацца на лыжах, роварах, заняцца скандынаўскай хадзьбой.
Падобных маштабных будаўнічых аб'ектаў у Беларусі, роўна як і ў памежжы, не шмат. Важны аргумент на карысць «Плісы» – прыродна-лячэбныя фактары, а дакладней знаходжанне на адлегласці не больш аднаго кіламетра ляснога возера з пластом сапрапелю больш за 63 тысячы кубічных метраў. Грязь прайшла сертыфікацыю на ўзроўні адпаведных лячэбных і навуковых устаноў Рэспублікі Беларусь. Цяпер вырашаецца пытанне аб пацвярджэнні яе высокай якасці на еўрапейскім узроўні.
Сапрапелевая арганічная гразь будзе выкарыстоўвацца для лячэння суставаў, хрыбетніка, касцёва-цягліцавай сістэмы, захворванняў тазавых органаў, у тым ліку хранічных запаленчых працэсаў, гарманальных дысфункцый і г.д. Плануецца выкарыстанне аплікацыйнай методыкі нанясення гразі на лакальныя ўчасткі цела, прымяненне разводных гразева-мінеральных ванн. Будуць дзве свідравыя зкважыны з мінеральнай вадой. Пітная вада з мінералізацыяй да 2 грамаў на літр, згодна з еўрапейскім стандартам, не патрабуе дапрацоўкі, развядзення. Яе можна ўжываць, у тым ліку ў падагрэтым выглядзе. Другая зкважына глыбінёй да 600 метраў з мінералізацыяй вады вышэй за 15 грамаў на літр будзе выкарыстоўвацца для арганізацыі працы бальнеялячэбніцы.
– Мы правялі тэндэр на набыццё лепшых узораў сучаснага медыцынскага абсталявання нямецкай, італьянскай і беларускай вытворчасці, – кажа намеснік генеральнага дырэктара ЗАТ «Трэст Прамбуд» па медыцынскім забеспячэнні Сяргей Пятюхоў. – Безумоўна, запатрабуюцца першакласныя спецыялісты, якія ўмеюць працаваць з сучаснай тэхнікай, а таксама кваліфікаваныя ўрачы, у тым ліку тэрапеўты, неўролаг, фізіятэрапеўт, акушэр-гінеколаг. У плане падбору персаналу ў першую чаргу арыентуемся на жыхароў раёна, пры неабходнасці будзем прыцягваць людзей з іншых рэгіёнаў. Для будучых работнікаў, якія маюць патрэбу ў жыллі, выдзелім дамы кватэрнага тыпу. Стварым усім камфортныя ўмовы для працы і адпачынку ў надзеі, што іх прафесійныя навыкі і асобасныя якасці пойдуць на карысць агульнай справы.
Касаючыся арганізацыі харчавання адпачывальнікаў, Сяргей Юр’евіч адзначыў, што на вытворчасць экалагічна чыстай сельгаспрадукцыі будзе арыентавана падсобная гаспадарка комплексу «Пліса», а таксама максімальна будзе задзейнічаны патэнцыял сельгаспрадпрыемстваў, фермерскіх гаспадарак, якія спецыялізуюцца не толькі на вырошчванні агародніны і садавіны, але і займаюцца авечкагадоўляй, птушкагадоўляй, вытворчасцю мармуровай ялавічыны, свініны.
Кошт пражывання ў турыстычна-аздараўленчым комплексе будзе вар’іравацца ў залежнасці ад выбраных працэдур, варыянту харчавання, пражывання. Для жыхароў Глыбоцкага раёна гаспадары абяцаюць зніжкі. Комплекс «Пліса» арыентаваны на беларускага спажыўца, тут таксама будуць рады прыняць гасцей з блізкага і далёкага замежжа, якія ўжо цяпер з нямалай цікавасцю назіраюць за ходам будаўніцтва.
Дыяна Берніковіч, фота аўтара. «Віцебскія весці».