У год 70-годдзя Перамогі ў Віцебскай вобласці маюць намер рэканструяваць комплекс "Прарыў"
У год 70-годдзя Перамогі ў Віцебскай вобласці маюць намер правесці глабальную рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу "Прарыў" і адрамантаваць будынак музея народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У.Е.Лабанка ва Ушачах, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Комплекс мерапрыемстваў па выратаванні тварэння манументальнага мастацтва, унесенага ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, рашэннем сесіі Віцебскага аблсавета дапоўніў інвестыцыйную праграму рэгіёна.
Упершыню праблема захавання мемарыяла была ўзнята кіраўніком вобласці Мікалаем Шарстнёвым на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама ў канцы студзеня. Пасля чаго быў створаны спецыяльны штаб, які ўзначаліў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Ацясаў. Аб намеры прыняць актыўны ўдзел у зборы сродкаў і добраўпарадкаванні комплексу заявіла абласная арганізацыя БРСМ.
Як распавялі ва Ушацкім райвыканкаме, пасля абследавання, якое правялі спецыялісты Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, стала ясна, што для захавання аблічча мемарыяла неабходна дэмантаваць існуючыя канструкцыі глыб і правесці поўную іх замену. Плануецца таксама адрамантаваць скульптуру партызана і правесці добраўпарадкаванне тэрыторыі. Паколькі мемарыяльны комплекс нельга разглядаць асобна ад музея народнай славы ва Ушачах, то тут таксама плануецца правесці аднаўленчыя работы (патрабуецца капітальны рамонт даху будынка, неабходна ўзмацніць фундамент будынка, правесці замену аконных і дзвярных блокаў).
Комплекс "Прарыў" за 10 км ад райцэнтра ўзведзены на месцы, дзе 5 мая 1944 года партызаны Полацка-Лепельскай зоны прарвалі воражскую блакаду. Тут забетанаваны адрэзак шляху, па якім тады ішлі партызаны. Дарога вядзе да разрыву ў бетоннай сцяне-глыбе (вышыня 11 м), у якім узвышаецца бронзавая фігура партызана (9 м) з аўтаматам у руцэ. Справа ад скульптуры знаходзяцца 38 мемарыяльных пліт, на якіх нанесена 1717 імёнаў загінулых у перыяд блакады і прарыву. Тут жа пахаваны 450 партызан з ліку тых, хто загінуў падчас прарыву. Побач з пахаваннем размяшчаецца кампазіцыя "Апошні прывал". На ўзвышшы пасаджаны 16 дубоў, якія сімвалізуюць стойкасць 16 партызанскіх брыгад.
Ушацкі музей народнай славы заснаваны 7 студзеня 1969 года. У асноўным фондзе больш за 15 тыс. экспанатаў.
За гады вайны ва Ушацкім раёне было спалена і знішчана больш за 50 вёсак, тут загінуў кожны другі жыхар.
Алена Ціханава