У Год прадпрымальнасці абутковая кампанія "Марка" мае намер выходзіць на еўрапейскія рынкі
24 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. У Год прадпрымальнасці беларуская кампанія "Марка" будзе заваёўваць еўрапейскія абутковыя рынкі. Пра гэта ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА паведаміў генеральны дырэктар сумеснай кампаніі з абмежаванай адказнасцю "Марка", член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Мікалай Мартынаў.
"Мы прарубаем сваё "акно ў Еўропу" - пачынаем удзельнічаць у скандынаўскіх выстаўках абутку і аксесуараў. Першыя выстаўкі паказалі, што попыт на нашу прадукцыю ёсць. Перспектывы велізарныя, трэба толькі працаваць, укладваць сродкі ў прасоўванне прадукцыі", - канстатаваў Мікалай Мартынаў.
Паводле яго слоў, абутак гандлёвай маркі "Марка" ўжо прадаецца ў Літве, Латвіі, Эстоніі. У бягучым годзе ў адной з гэтых краін будуць адкрыты два фірменныя магазіны прадпрыемства. Працягнецца супрацоўніцтва з расійскімі і ўкраінскімі партнёрамі, устойлівы інтарэс да абутку "Марка" праяўляе Казахстан.
Апроч гандлю "Марка" мае намер развіваць вытворчыя сувязі з еўрапейскімі прадпрыемствамі. На стадыі ўзгаднення знаходзяцца дагаворы з дзвюма італьянскімі дызайнерскімі студыямі, якія будуць распрацоўваць і тэхнічна суправаджаць выпуск мадэляў элітнага абутку для гандлёвай маркі Bravo. Як адзначыў Мікалай Мартынаў, праца з еўрапейскімі дызайнерскімі дамамі дазволіць задаволіць попыт на дарагі прэстыжны абутак, а таксама ўдасканальваць якасць усёй прадукцыі кампаніі.
Сумесная кампанія з абмежаванай адказнасцю "Марка" з'яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў абутку ў Беларусі. Прадпрыемства "Марка" было створана ў 1991 годзе. Апроч абутковай вытворчасці кампанія "Марка" займаецца выпускам скур галантарэі, абуткавых калодак для прадпрыемстваў рэспублікі. Колькасць работнікаў на ўсіх аб'ектах "Марка" складае больш за 4 тыс. чалавек. Абутковай вытворчасцю займаюцца тры фабрыкі. За 2010 год яны выпусцілі 3,9 млн. пар абутку. Аб'ём рэалізацыі склаў 3,86 млн. пар. Палова вырабленага абутку экспартуецца.-0-