У Год прадпрымальнасці ПТВ Віцебскай вобласці маюць намер зарабіць Br13 млрд.

15 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. У Год прадпрымальнасці навучальным установам Віцебскай вобласці неабходна праявіць дзелавую ініцыятыву і актыўна ўкараняць сучасныя адукацыйныя тэхналогіі. Такое меркаванне выказаў сёння на пасяджэнні калегіі ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама начальнік упраўлення Іван Шчурок, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Год прадпрымальнасці дае старт новай пяцігодцы, ад таго, якім ён будзе, залежыць выкананне рашэнняў IV Усебеларускага народнага сходу", - падкрэсліў Іван Шчурок. На яго думку, агульнаадукацыйным навучальным установам вобласці неабходна засяродзіць увагу на прымяненні інфармацыйных тэхналогій пры выкладанні не толькі дакладных дысцыплін, але і прадметаў гуманітарнага і прыродазнаўчага цыклаў. У цяперашні час 93% агульнаадукацыйных навучальных устаноў вобласці падключаны да сеткі Інтэрнэт. Аднак толькі нязначная частка школ маюць шырокапалосны доступ да Сусветнай сеткі. Умацавання камп'ютарнай базы патрабуюць школьныя бібліятэкі, якія ў наступным пяцігоддзі павінны стаць школьнымі інфармацыйнымі цэнтрамі. У Год прадпрымальнасці перад прафесійна-тэхнічнымі навучальнымі ўстановамі рэгіёну пастаўлена задача зарабіць Br13 млрд. Як лічыць Іван Шчурок, гэта рэальная сума, бо вучэльні маюць добрую матэрыяльную базу, якая дазваляе не толькі рыхтаваць кваліфікаваныя кадры для розных галін, але і аказваць паслугі насельніцтву, вырабляць спажывецкія тавары. Калі ў 2009 годзе сістэма прафтэхадукацыі зарабіла Br10,7 млрд. пазабюджэтных сродкаў, то ў 2010 годзе гэтая сума дасягнула Br11,6 млрд. Разам з тым найважнейшай задачай прафесійнага навучання вобласці з'яўляецца забеспячэнне рабочымі кадрамі, у першую чаргу, будаўнічай галіны, аграпрамысловага комплексу, сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, бытавога абслугоўвання. У апошнія два гады прыём на будаўнічыя спецыяльнасці павялічыўся на 3,5 тыс. чалавек. Такое ж павелічэнне ў наступныя гады чакаецца на спецыяльнасці для АПК. Акрамя таго, пільная ўвага будзе нададзена якаснай падрыхтоўцы маладых рабочых. У 2011 годзе не менш за 30% выпускнікоў ПТВ павінны атрымаць 4-ы кваліфікацыйны разрад. У 2011-2012 навучальным годзе ПТВ і прафліцэі маюць намер прыняць на навучанне 3,1 тыс. выпускнікоў базавых школ і 1,9 тыс. выпускнікоў сярэдніх школ, прытым што пасведчанне аб заканчэнні базавай школы атрымаюць 11,7 тыс. дзевяцікласнікаў, а 8,9 тыс. выпускнікам будуць уручаны атэстаты.-0-