У Год роднай зямлі ў Беларусі добраўпарадкавана 850 зон адпачынку ля вадаёмаў
14 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Год роднай зямлі ў Беларусі добраўпарадкавана 850 зон адпачынку на водных аб'ектах, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Апараце Саўміна.
У зонах адпачынку ўстаноўлена 1236 папераджальных знакаў і ўказальнікаў, пабудавана каля 168 км пад'язных дарог і праездаў, абсталявана 321 спартыўная і гульнявая пляцоўка. Такія зоны дадаткова аснашчаны звыш 1060 кантэйнерамі для збору адходаў, тут таксама ўстаноўлена больш за 160 грамадскіх туалетаў.
У ходзе падрыхтоўкі да летняга сезона гэтага года на пляжах праведзена ўборка прылеглых акваторый, ажыццёўлена падсыпка пляжаў, ачыстка дна і берагавой лініі вадаёмаў, выканана планаванне тэрыторый месцаў адпачынку, адрамантавана і пафарбавана пляжнае абсталяванне, арганізаваны месцы для вогнішчаў, устаноўлены малыя архітэктурныя формы, альтанкі, лаўкі, вызначаны месцы размяшчэння гандлёвых палатак, адкрыты пункты пракату лодак і катамаранаў.
Прадаўжаюцца работы па вывазе патэнцыйна небяспечных аб'ектаў-забруджальнікаў з водаахоўных зон. Усяго да вывазу запланаваны 41 такі аб'ект. Да цяперашняга часу вывезена 29 з іх.-0-