У гарадах павінна быць створана дакладная сістэма па навядзенні і падтрыманні парадку – Наталля Качанава

Неабходна выбудаваць дакладную і зразумелую сістэму па навядзенні і падтрыманні парадку ў гарадах. Такое меркаванне выказала кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава сёння падчас пасяджэння Полацкага райвыканкама.

Па словах Наталлі Качанавай, усе работы па добраўпарадкаванні горада павінны праводзіцца планава. У кіраўнікоў арганізацый і ўстаноў розных узроўняў павінен быць пастаянны кантроль за парадкам на замацаванай тэрыторыі. "Павінна быць дакладная сістэма па навядзенні парадку і яго падтрыманні, каб потым не даводзілася наганяць суботнікамі і іншымі мерапрыемствамі. Калі ёсць сістэма, то не будуць узнікаць пытанні ні ў людзей, ні ў мясцовых улад - усе будуць дакладна разумець зону сваёй адказнасці", - адзначыла кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Асаблівы акцэнт Наталля Качанава зрабіла на важнасці перапрацоўкі другасных рэсурсаў. У раёне ўстаноўлена каля 2 тыс. кантэйнераў для збору сыравіны. Па словах мясцовых улад, гэтага недастаткова - яшчэ трэба каля 1 тыс. Штодня з Полацка вывозіцца 300-350 т адходаў. Практычна ўсе - на Біямехзавод бытавых другасных рэсурсаў у Наваполацку. "Тэма другасных рэсурсаў вельмі важная для экалогіі рэгіёну. Акрамя таго, іх пісьменная перапрацоўка - гэта добры даход", - сказала кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. належную ўвагу неабходна ўдзяляць і падтрыманню парадку на тэрыторыі прыватных домаўладанняў - іх у Полацку 8,1 тыс. Па запэўненнях мясцовых улад, прыватны сектар практычна ўвесь забяспечаны пляцоўкамі з кантэйнерамі, трэба абсталяваць яшчэ 10-20 пляцовак. "З людзьмі павінны быць заключаны дагаворы, і яны павінны ведаць, калі прыязджае транспарт для вывазу смецця, і бачыць, за што яны плацяць грошы", - звярнула ўвагу Наталля Качанава.

Нельга забываць і ў цэлым аб эстэтычным выглядзе Полацка. Начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама, яго спецыялісты павінны кантраляваць, як выглядаюць будынкі, ці ўпісваюцца яны ў агульны ансамбль вуліцы, дадала кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. У цяперашні час для больш эфектыўнага добраўпарадкавання Полацка рашэннем райвыканкамазамацаваны гарадскія тэрыторыі за прадпрыемствамі і арганізацыямі, установамі адукацыі, культуры, спорту і турызму. Створана 14 рабочых груп для каардынацыі работы па навядзенні парадку.

БЕЛТА.