У Гарадку 28-29 жніўня адбудуцца рэспубліканскія спаборніцтвы па біятлоне
З 28 па 29 жніўня на лыжаролернай трасе ў Гарадку пройдзе 2-і этап рэспубліканскіх спаборніцтваў па біятлоне сярод юнакоў і дзяўчат «Кубак Беларускай федэрацыі біятлона». У першы дзень спаборніцтвы пачнуцца а 9.40 раніцы, урачыстая цырымонія адбудзецца з 11-30 г да 11-50 г, праз суткі пачатак стартаў – 9.50. Уваход вольны, запрашаюцца ўсе ахвотныя.
Як паведамілі «Віцебскім весткам» ва ўпраўленні спорту і турызму аблвыканкама, у спаборніцтвах прымуць удзел каля 200 чалавек 2003-2010 гадоў нараджэння. У праграме масавыя старты на розныя дыстанцыі ў залежнасці ад узроставых груп, а таксама змешаныя эстафеты. Спартсмены 2003-2006 г.н. будуць спаборнічаць на лыжаролерах, самыя малодшыя пабягуць крос (вінтаўка іх будзе чакаць на агнявых рубяжах).