У Гарадку маштабна і маляўніча адзначылі 80-годдзе вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў
– Гэта важная дата не толькі для раёна, але і ўсёй Беларусі: 80 гадоў таму ў гэтыя дні каваўся плацдарм для яе поўнага вызвалення. Гарадачане ўнеслі годны ўклад у Перамогу, – падкрэсліў Аляксандр Субоцін. – Беларусы памятаюць пра тых, хто, не шкадуючы жыцця, у нечалавечых умовах змагаўся з ворагам і ў выніку падарыў нам мірнае неба над галавой. Мы беражліва захоўваем і перадаём з пакалення ў пакаленне праўду пра мужнасць і стойкасць нашых дзядоў і прадзедаў.
Чарга святочных мерапрыемстваў пачалася з ускладання вянкоў і кветак да помніка-бюста двойчы Героя Савецкага Саюза Івана Баграмяна, які кіраваў войскамі падчас Гарадоцкай наступальнай аперацыі ў снежні 1943 года, у ходзе якой былі акружаны і знішчаны чатыры дывізіі вермахта і створаны спрыяльныя ўмовы для вызвалення Віцебска.
– Сёння мы ўспамінаем сапраўды знамянальную падзею, – падкрэсліў Уладзімір Церанцьеў. – У апошнія гады стала добрай традыцыяй сустракацца ў дзень вызвалення раёна ля памятнага знака Івану Баграмяну ў райцэнтры. Гэты чалавек адыграў важную ролю ў лёсе раёна як падчас вайны, так і ў наступныя гады.
На мемарыяльным комплексе "Неўміручасць" у цэнтры горада правялі ўрачысты мітынг і ўскладанне кветак да Магілы невядомага салдата.
Там жа адбылася цырымонія адкрыцця электроннага інфакіёска "Аўтаматызаваная база даных "Кніга "Памяць" Гарадоцкага раёна", куды ўнесены звесткі аб усіх воінскіх пахаваннях і пахаваннях ахвяр вайны на Гарадоччыне, гістарычныя факты, звесткі аб знакамітых земляках.
– Выкарыстанне сучасных тэхналогій – гэта даніна часу, у тым ліку ў справе патрыятычнага выхавання, захавання гістарычнай памяці, – паведаміў Аляксандр Субоцін. – Інтэрактыўнасць дазваляе ўсім жадаючым глыбей пагрузіцца ў абраную тэму, зацікавіць маладых людзей гісторыяй свайго краю. Рад, што Гарадоччына змагла першай у краіне рэалізаваць падобны праект.
Таксама быў асвячоны камень у гонар будаўніцтва капліцы ў гонар 80-годдзя вызвалення раёна і Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Завяршылася свята ўрачыстым сходзе і канцэртам у гарадскім Доме культуры. Ганаровыя госці ўручылі ўзнагароды мясцовым жыхарам, якія маюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, унеслі ўклад у працу па ўшанаванні загінуўшых абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны. Перад прысутнымі выступіў Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сілаў Беларусі.