У Гарадку адкрылі цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі

У сярэдняй школе № 2 Гарадка – вялікая падзея. Ва ўстанове адукацыі, якая нядаўна перажыла сур'ёзную мадэрнізацыю, адкрылі міжшкольны цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі. Яе, а таксама асновы медыцынскай дапамогі тут будуць вывучаць старшакласнікі са школ раёна. Амаль 190 рабят атрымаюць веды, якія дакладна ніколі не будуць лішнімі.

 

 


Гэты навучальны год Гарадоцкая СШ № 2 імя А.П. Сабалеўскага сустрэла цалкам пераўтворанай. Прасторны светлы хол, утульныя адрамантаваныя кабінеты… Цяпер на два самыя сучасныя больш: медыцынскі і дапрызыўной падрыхтоўкі. Пра значэнне падобных цэнтраў для патрыятычнага выхавання, прафарыентацыі моладзі сказаў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнтаў, які прыехаў на мерапрыемства:

– Яшчэ старажытныя казалі: хочаш міру – рыхтуйся да вайны. І, напэўна, мы жывем сёння пад мірным небам, таму што ў нас моцная армія, моцныя Узброеныя Сілы, якія абараняюць нашу Беларусь. Але трэба, каб маладыя хлопцы, якія прыходзяць у армію, іншыя сілавыя структуры, сапраўды былі да гэтага гатовыя. Для таго і ствараюцца такія цэнтры. Сімвалічна, што ў Гарадку ён з'явіўся ў школе № 2, якая носіць імя Аляксандра Сабалеўскага – першага ў гісторыі СССР медыка, які атрымаў Зорку Героя ў мірны час.

Вядома, не ўсе «выпускнікі» цэнтра вырашаць стаць прафесійнымі вайскоўцамі, сілавікамі, але атрыманыя азы сур'ёзна дапамогуць ім у арміі. А дзяўчаты, якія вывучалі медпадрыхтоўку, цалкам магчыма, задумаюцца аб паступленні ў медуніверсітэт ці каледж.

Уладзімір Цярэнтаў падкрэсліў:

– Важна і тое, што ў такіх цэнтрах мы будзем гадаваць сапраўдных патрыётаў, людзей, якія разумеюць, што любіць і абараняць Радзіму – святы абавязак кожнага з нас.

 


Рад адкрыццю ў СШ № 2 палкоўнік Руслан Шкодзін, ваенны камісар Віцебскай вобласці:

– За трэці год з моманту стварэння цэнтраў дапрызыўнай падрыхтоўкі іх эфектыўнасць не выклікае сумневаў. Тэсты таму доказ. Лічу, для юнакоў гэта сур'ёзная, у тым ліку маральна-псіхалагічная, падрыхтоўка да арміі. Акрамя таго, матэрыяльна-тэхнічная база цэнтраў дазваляе развіваць на іх аснове гурткі, секцыі і г.д. па патрыятычным выхаванні. Аснашчанасць цэнтра ў Гарадку годная, адпавядае прадмету «дапрызыўная падрыхтоўка». Адзінае, яшчэ папрацуем над даўкамплектаваннем навучальнай зброяй.

Дырэктар школы Ніна Ефрэмава ў сваю чаргу сказала дзякуй усім, хто даў установе адукацыі магчымасць горда насіць статус «школы будучыні»:

– Пацвярджаючы яго, усім нашым калектывам, разам з дзецьмі і педагогамі мы кожны дзень будзем расці і развівацца. Цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі – яшчэ адна магчымасць для гэтага. Чакаем папаўнення яго матэрыяльнай базы макетамі, тапаграфічнымі картамі, усім неабходным абсталяваннем. А яшчэ – тырам.

 


З якім настроем ходзяць на заняткі самі рабяты?

Дзесяцікласнік Кірыл Іваноў з СШ № 2 падымае ўверх вялікі палец:

– Усё супер! Прайшло ўсяго некалькі ўрокаў, але на кожным было вельмі цікава. Мой бацька служыў у ВДВ, скакаў з парашутам, я таксама хацеў бы пайсці па яго слядах. Цяпер для гэтага ёсць усё, што трэба.

Яго аднакласнік Андрэй Мядзведзеў прызнаецца:  

– Сёння ў мяне быў дэбют па зборцы аўтамата. Задаволены як слон, бо атрымалася з першага разу. Чаго чакаю ад заняткаў? Хачу больш даведацца пра ваенную тэхніку, а яшчэ мару пастраляць у абяцаным неўзабаве тыры.

На пытанне, ці задумваўся ён пра службу ў войску, хлапец адказвае лёгка: «Вядома!» Гэта справа гонару, бо яго прадзеды прайшлі франтавымі дарогамі Вялікай Айчыннай, былі ўдастоены баявых узнагарод. Напрыклад, Віктар Леановіч Мядзведзеў, якім Андрэй вельмі ганарыцца, удзельнічаў ва ўзяцці Берліна.


У кабінеце медпадрыхтоўкі застаем аперацыю выратавання «чалавека». Непрамы масаж сэрца дзяўчаты робяць манекену, якога жартам паспелі назваць Максімам.

Трыццаць націскаў, два ўдыхі, стараецца 16-гадовая Насця Канановіч:

– Упэўненая, такія веды, уменні спатрэбяцца. Так, лепш, каб сітуацый, калі ад цябе залежыць жыццё іншых, не здаралася, але, калі раптам – важна быць гатовым. А для мяне ведаць усё ад і да проста абавязкова, бо адказы спытае самы строгі выкладчык (смяецца). Гэта мая мама Ірына Міхайлаўна, якая вядзе ў нас медпадрыхтоўку.

Цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі ў Гарадку стаў 18-м па ліку на Віцебшчыне. У хуткім часе аналагічныя структуры з'явяцца ў Бешанковіцкім і Міёрскім раёнах.