У Гарадку прайшоў юбілейны фэст, прысвечаны аўтару самай «народнай» беларускай паэмы

Свята народнай творчасці, беларускай паэзіі і фальклору "Гарадоцкі Парнас" лічыцца галоўным культурным брэндам Гарадоччыны і збірае нямала гасцей. Юбілейны, дзясяты па ліку, форум не стаў выключэннем. 

На працягу цэлага дня ў горадзе праходзяць яркія творчыя мерапрыемствы, прысвечаныя земляку Канстанціну Вераніцыну, аўтару самай вядомай беларускай паэмы "Тарас на Парнасе". 
Галоўныя ўрачыстасці прайшлі на цэнтральнай плошчы райцэнтра. Тут можна было ўбачыць увесь пантэон грэчаскіх багоў і іншых герояў сатырычнай паэмы, якія спусціліся з Алімпу. З падмосткаў гучалі радкі культавага твора. Народныя песні, жарты, запальныя танцы дарылі гасцям творчыя калектывы з розных рэгіёнаў вобласці. Адметнасцю ўрачыстага адкрыцця юбілейнага фэсту стаў этнафлэшмоб "Скокі ва ўсе бакі". Тут жа адбыўся старт велапрабегу "Сцежкамі Тараса". Госці свята змаглі таксама прыняць удзел у аўтобуснай экскурсіі ў маляўнічую вёску Астроўляны пад Гарадком, дзе нарадзіўся паэт. Людзям хапіла не толькі духоўнай ежы, але і пачастункаў народнай мясцовай кухні, якія прадставілі крэатыўныя гаспадыні падворкаў з розных куткоў Гарадоччыны.

Канцэрт і дыскатэка "Вечарынка на Парнасе" з удзелам рок-гурта з Оршы "Тарас на Парнасе" на заканчэнні гулянняў сабралі на плошчы нямала людзей і сталі яркім фінальным акордам самабытнага свята. 

Канстанцін Вераніцын – самы вядомы ўраджэнец Гарадоччыны. Яго лічаць адным з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры, хоць да нас дайшлі толькі два яго творы – хрэстаматыйная паэма "Тарас на Парнасе" і "Два Д'яблы". У яго біяграфіі нямала белых плям. Ён нарадзіўся ў вёсцы Востраўляны 13 чэрвеня 1834 года ў сям'і прыгонных сялян. Шматлікія даследчыкі яго жыцця схіляюцца да версіі, што ён быў незаконнанароджаным сынам памешчыка Бандарэва. Інакш як бы ён мог атрымаць прэстыжную па тых часах адукацыю і пабудаваць паспяховую кар'еру. Пасля гімназіі сялянскі юнак паступіў у медыка-хірургічную акадэмію ў Пецярбургу, дзе прабыў два гады. У 1857 годзе – на трэці курс Горы-Горацкага земляробчага інстытута. Паводле адной з версій, там ён напісаў культавы твор. Пасля заканчэння вучобы Вераніцын працаваў выкладчыкам у Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, потым служыў у Пецярбургу ў апараце Міністэрства шляхоў зносін. У 1900 годзе выйшаў у адстаўку ў чыне стацкага саветніка. Памёр у 1904 годзе. Яго смерць, гэтак жа як і нараджэнне, авеяная таямніцай. Дакладная дата і месца пакуль не ўстаноўлены.

Доўгі час літаратуразнаўцы прыпісвалі аўтарства паэмы розным пісьменнікам, якія жылі ў той час, у тым ліку Дуніну-Марцінкевічу. Дачыненне Вераніцына да твора ў 1973 годзе даказаў даследчык Генадзь Кісялёў. На малой радзіме паэта ў Востраўлянах устаноўлены памятны валун у гонар вядомага земляка, а ў Гарадку – бронзавы помнік у гарадскім скверы. Гэта адны з любімых месцаў у гарадачан і гасцей райцэнтра, якія любяць побач з ім рабіць на памяць селфі.

Андрэй ЗАХАРОВ, "СБ - Беларусь сегодня".