У Гарадку прайшоў абласны семінар на тэму «Уплыў клімату на бяспеку і гігіену працы»
У Гарадку праходзіць абласны семінар на тэму «Уплыў клімату на бяспеку і гігіену працы».
У райцэнтры сабраліся кіраўнікі і спецыялісты ведамстваў, прадпрыемстваў і арганізацый, якія займаюцца аховай працы, з усёй Віцебшчыны. У ходзе выязнога пасяджэння прадстаўнікі аблвыканкама, міністэрства працы і сацыяльнай абароны, іншых зацікаўленых службаў прааналізавалі сітуацыю з вытворчым траўматызмам у вобласці ў бягучым і мінулым гадах, расказалі прысутным пра фактары вытворчага асяроддзя як складнікі бяспечных і здароўезберагальных умоў працы, пра тое, як змены клімату ўплываюць на асноўныя галіны эканомікі. Таксама госці змаглі азнаёміцца з падыходамі ў арганізацыі аховы працы калег з Гарадоцкага раёна. Адметнасцю сустрэчы стала дэманстрацыя практычных навыкаў мясцовымі ратавальнікамі, праваахоўнікамі, газавікамі і медыкамі. Яны змадэлявалі няшчасны выпадак у выніку парушэння правілаў па ахове працы падраднай арганізацыяй пры вытворчасці будаўнічых работ на даху будынка.
Як падкрэсліў старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Барыс Ефрэмаў, галоўнае, што падчас падобных сустрэч у спецыялістаў ёсць магчымасць абмяняцца вопытам, адшліфаваць тэарэтычныя і практычныя навыкі.