У Гарадку адбылася цырымонія гашэння маркі ў гонар Дня беларускага пісьменства
Па ўсталяванай традыцыі Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ў гарадах, якія па праву лічацца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Таму вельмі прыемна і знакава, што ХХХ Дзень беларускага пісьменства прымае Гарадок. І напярэдадні такой значнай для культурнага жыцця краіны падзеі Міністэрства сувязі і інфармацыі Беларусі выпусціла ў абарачэнне паштовую марку «Гарадок».
Гарадоччына — радзіма таленавітых людзей. Іх імёны атрымалі сусветную вядомасць, а культура дзякуючы іх творчасці – багатую духоўную спадчыну. Сярод знакамітых землякоў — аўтар паэмы ХІХ стагоддзя «Тарас на Парнасе» Кастусь Вераніцын, паэт і педагог Іосіф Маралеўскі, дзяржаўны і палітычны дзеяч, пісьменнік, аўтар драматычных п’ес Бэр Аршанскі, доктар гістарычных навук, прафесар Аркадзь Шофман, беларускі вучоны, спецыяліст у сферы экалагічнай адукацыі і выхавання Уладзімір Слабін.
— Я ўпэўнены, мы годна сустрэнем ХХХ Дзень беларускага пісьменства і прыкладзем усе сілы, каб тут было ўтульна і камфортна нашым грамадзянам, — адзначыў Ігар Брыло. — А гашэнне маркі, якое мы сёння праводзім, гэта сапраўды знакавая падзея рэспубліканскага маштабу. Хочацца шчыра пажадаць напярэдадні свята поспехаў камандзе Гарадоцкага раёна, спадзяюся, свята пройдзе на выдатна і запомніцца ўсім жыхарам Беларусі.
— Дзень беларускага пісьменства — гэта знакавая падзея для кожнага горада, у якім яна праходзіць. Але сустракаць юбілейнае свята — гэта асаблівая адказнасць. Атрадна, што наша мерапрыемства не абмяжоўваецца толькі 2 і 3 верасня, бо гашэнне маркі — гэта, безумоўна, адна з падзей фестывалю, — адзначыла старшыня Гарадоцкага райвыканкама Ірына Палякова. — Вельмі прыемна, што выява нашага любімага горада будзе яшчэ і на паштовых марках. Мы разумеем, што калі выпускаецца марка, яна прысвячаецца нейкай знакавай падзеі. І для нашага горада гэта выдатная рэклама, бо ўвесь свет даведаецца пра наш рэгіён.
Як адзначыў дырэктар Віцебскага філіяла РУП «Белпошта» Сяргей Максак, беларускія маркі маюць прызнанне на міжнародным узроўні. Чарговая ўзнагарода залатога годнасці была атрымана ў снежні мінулага года. Так што нашу прадукцыю ведае ўвесь свет, і сённяшняя марка тыражом 30 тысяч разыйдзецца па рэспубліцы і па свеце, — акцэнтаваў увагу Сяргей Максак.