У Гарадку адбылося адкрыццё раённага аддзела прымусовага выканання
Нагадаем, што з 1 студзеня 2014 года ў Беларусі функцыянуе падпарадкаваная Мін'юсту адзіная сістэма органаў прымусовага выканання судовых пастановаў і іншых выканаўчых дакументаў, якая аб'яднала судовых выканаўцаў агульных і гаспадарчых судоў. Пасля чаго новае ведамства пачало абзаводзіцца ўласнымі памяшканнямі для супрацоўнікаў падраздзяленняў. Аднымі з апошніх на Віцебшчыне перасяліліся гарадоцкія прыставы. На днях адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця, у якой узялі ўдзел начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама Сяргей Канапелька і старшыня райвыканкама Пётр Корабач.
— На плечы нашых супрацоўнікаў кладзецца вялікі аб'ём працы. Так, у аддзел Гарадоцкага раёна з пачатку года паступіла каля 9 тысяч выканаўчых дакументаў, па якіх з даўжнікоў спагнана звыш мільярда рублёў, — расказаў Сяргей Пятровіч. — Каб работнік мог паказваць высокую прадукцыйнасць, для яго павінны быць створаны ў тым ліку і камфортныя ўмовы для працы.
Як пераканаліся ганаровыя госці, у рэканструяваным памяшканні райаддзела ёсць усё неабходнае для гэтага: дастатковыя плошчы, сучасная мэбля і камп'ютарная тэхніка.
Алег Шведаў, «Віцебскія весці».