У Гарадку адзначылі 76-годдзе вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Адна з самых важных дат у гісторыі Гарадоччыны – 24 снежня 1943 года. Менавіта ў гэты дзень раён стаў вольным ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сёння ў Гарадку сустрэлі 76-ю гадавіну вызвалення.


Урачысты мітынг па традыцыі сабраў жыхароў Гарадка і гасцей райцэнтра на плошчы Перамогі. З віншавальным словам да ўсіх звярнуўся старшыня райвыканкама Пётр Карабач:

– Вызваленню Гарадоцкага раёна Масква салютавала артылерыйскімі залпамі са 124 гармат. Гэтая дата – радасная, светлая. Але таксама сёння важна аддаць даніну памяці ахвярам той вайны – нашым людзям, забітым і закатаваным фашыстамі, тым, хто не перажыў акупацыю, воінам, якія падарылі нам мірнае неба. Пакуль мы памятаем пра тое, якой цаной кавалася Перамога, у нас ёсць будучыня, магчымасць жыць шчасліва і спакойна!

 


Пра наступальную аперацыю, вядомую ў ваеннай гісторыі як Гарадоцкая, расказала sb.by Тамара Іванова, дырэктар мясцовага краязнаўчага музея:

– Гарадоцкая аперацыя, пачатая 1-м Прыбалтыйскім фронтам 13 снежня 1943-га, працягнулася больш за 10 дзён. Менавіта гэты рубеж маршал Савецкага Саюза Іван Баграмян у мемуарах назваў найскладанейшым у сваёй біяграфіі. Акрамя таго, для Івана Хрыстафоравіча аперацыя стала першай на пасадзе камандуючага фронтам. Першапачаткова яна была запланавана на кастрычнік, але зусім не зімовае надвор'е перашкодзіла нашым байцам. Ва ўмовах балоцістай мясцовасці, туману, пастаянных дажджоў кожны манеўр мог абярнуцца правалам. 


Умовы, у якіх савецкім воінам даводзілася здабываць перамогу, былі надзвычай складаныя. Першы ж дзень аперацыі паказаў, што дасягнуць імклівага поспеху не атрымаецца: фашысцкія лініі абароны былі складанага суцэльнага профілю. Калі нашы войскі захоплівалі першую лінію, то на яе месца тут жа ўставала не менш моцная другая. Як савецкае, так і варожае камандаванне цудоўна разумела значнасць бітвы. Сам Гарадок уяўляў сабой непрыступную крэпасць на подступах да Віцебска. Але ўся тэхнічная моц і намаганні фашыстаў аказаліся марнымі. Трэцім этапам аперацыі стала вызваленне райцэнтра. Уночы 24 снежня горад нарэшце стаў свабодным. Да апошняга жорсткія баі ішлі ў раёне чыгуначнага вакзала…

Усяго за гады Вялікай Айчыннай за вызваленне Гарадоччыны аддалі жыццё каля 28 тысяч воінаў-вызваліцеляў. Напярэдадні вайны ў Гарадку было больш за 8 тысяч чалавек, а пасля вызвалення засталося ўсяго 3,5 тысячы. Падчас правядзення Гарадоцкай аперацыі чырвонаармейцы вызвалілі 1.220 населеных пунктаў. Даныя аб загінулых воінах да гэтага часу ўстанаўліваюць. Так, за апошнія два гады на Гарадоччыне вярнулі з небыцця каля тысячы імёнаў загінулых вызваліцеляў. У 2019-м байцы 52-га пошукавага батальёна правялі раскопкі ў 11 населеных пунктах. У выніку знойдзены астанкі 23 воінаў, якіх перапахавалі з належнымі ўшанаваннямі. Акрамя таго, сёння ў раёне аднавілі манумент партызанам «Гаспадар лесу», які стаіць у Шчаўбоўскіх лясах, замянілі помнікі на пахаваннях у Віроўлі і Улішыцах.


У ходзе акцыі памяці «У славу агульнай Перамогі!» на Гарадоччыне ўзялі зямлю з 91-га пахавання воінаў і мірных жыхароў, чыё жыццё забрала вайна. Сёння капсулу з зямлёй перадалі ў цэнтральны храм горада, дзе пройдзе паніхіда па загінулых. Далей капсулу даставяць у Віцебск, а затым у Мінск, дзе змесцяць у нішу Храма-помніка ў гонар Усіх Святых.

"СБ".