У Гарадку затрымалі няўдалага мсціўца
У Гарадку каля аграрна-тэхнічнага каледжа затрымалі 30-гадовага вяскоўца, які збіраўся расправіцца з былой сужыцелькай. Цяпер яму пагражае 10 гадоў пазбаўлення волі.
У пошуках сяброўкі п'яны рэцыдывіст учыніў на вуліцы скандал і ў прысутнасці шматлікіх сведак пагражаў забойствам 17-гадоваму студэнту. Для эфекту выкарыстаў кухонны нож.
Напярэдадні ён тэлефанаваў сужыцельцы, якая выхоўвае іх агульнае дзіця, і абяцаў прыехаць на разборкі – навучыць яе выхоўваць малога так, як след. Жанчына не стала размаўляць з п'яным сябрам. Ён неаднаразова судзімы за крадзяжы, угон, рабаванне і іншыя правапарушэнні. Толькі ў 2014 годзе яго 9 разоў (!) прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці.
Намеснік пракурора Гарадоцкага раёна Максім Зіновік распавядае:
– Пасля затрымання ля каледжа і працвярэжвання (у крыві выяўлена 1,4 праміле алкаголю) падазраваны так і не змог успомніць дэталяў здарэння. Тое, што ехаў з вёскі да былой сужыцелькі, нібыта, памятае. А вось дзе ўзяў нож і пры чым тут студэнт – сам не разумее.
Сяброўка ж, даведаўшыся пра чарговы крымінальны эпізод, сама прыйшла ў пракуратуру і расказала, што мужчына рэгулярна тэлефанаваў ёй з пагрозамі. У гэты дзень, на шчасце, не змог знайсці яе дома – на момант прыходу "выхавальніка" гаспадыня адсутнічала.
Заведзена крымінальная справа па факце асабліва злоснага хуліганства. У ходзе следства будуць ацэнены і яго дзеянні па выказанай пагрозе забойствам. З улікам свайго багатага крымінальнага мінулага фігурант можа атрымаць максімальны тэрмін пакарання.
Алена Бегунова, СБ Беларусь сегодня