У Гарадоцкім раёне адкрылі новы пажарны аварыйна-выратавальны пост

У аграгарадку Бычыха адбылося ўрачыстае адкрыццё пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №12 Гарадоцкага раённага аддзела па НС. Павіншаваць калег прыехаў кіраўнік МНС генерал-лейтэнант унутранай службы Уладзімір Вашчанка:


– Гэта знакавая падзея не толькі для Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, але і для Гарадоцкага раёна і для аграгарадка Бычыха. Мне падвойна прыемна тут прысутнічаць і адкрываць гэты будынак – проста насупраць стаіць мая родная школа. Не магу не адзначыць, што ў нашай краіне надаецца велізарная ўвага пытанням бяспекі ў цэлым і абароне насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый, у прыватнасці. Гэты пост – яркае таму пацвярджэнне. Ён абсталяваны самай сучаснай тэхнікай, дарэчы, айчыннай вытворчасці. Ратавальнікі практычна трэцюю частку жыцця праводзяць на працы, і ўмовы для прафесійнай падрыхтоўкі, нясення службы і адпачынку маюць вялікае значэнне. Тут усё зроблена на высокім узроўні. Мы з калегамі заўсёды цэнім увагу і клопат дзяржавы пра нас, ратавальнікаў, і памятаем, што людзі чакаюць ад нас надзейнай, высокапрафесійнай працы.

 


 


Новы будынак стаіць на ўзгорку, дзе быў неўпарадкаваны пустыр. Сучасны пажарны пост літаральна ператварыў аграгарадок, сказала старшыня Бычыхінскага сельсавета Антаніна Калца:

– Прыемна, што трохгоддзе малой радзімы адзначаецца ў нас такой значнай падзеяй. Месца вельмі ўдалае, на ўзвышшы – і вежы не трэба, з гэтай пляцоўкі можна весці назіранне ў радыусе 15 кіламетраў. Гарадок – раённы цэнтр, а Бычыха – геаграфічны, так што і ў гэтым сэнсе выбар для размяшчэння паста ўдалы. Мы ад душы ўдзячныя супрацоўнікам МНС! На ўласным вопыце пераканаліся – яны ўмеюць рабіць усё. Якасна зносяць аварыйныя будынкі, умеюць змагацца з баршчэўнікам, могуць за пяць дзён зрабіць пляцоўку, якую будаўнікі не могуць за год. Хочацца пажадаць ім шчасця, фізічнага здароўя, сілы духу, дабрабыту ў сем'ях.

 


 


Аднапавярховы будынак, які ўключае адміністрацыйную частку і гараж на дзве адзінкі тэхнікі: АЦ-10.0 і АЦ-5.0, пачалі будаваць у красавіку мінулага года. Падраздзяленне будуць абслугоўваць 8 чалавек. На тэрыторыі паста размяшчаецца спартыўная пляцоўка «Воркаут» для жыхароў населенага пункта, валейбольная пляцоўка, а таксама фантан. У далейшым ратавальнікі абсталююць тут парк адпачынку, які ўключае дзендрарый, альтанкі для адпачынку і экспазіцыю ў выглядзе вулічных ліхтароў з пажарнымі атрыбутамі.