У Гарадоцкім раёне адкрыўся турыстычна-аздараўленчы комплекс «Лосьвіда»
У прывітальным слове Міхаіл Орда падкрэсліў, што галоўнае, чаго дабіваліся прафсаюзы разам з кіраўніцтвам кампаніі «Белтурыст» і органамі мясцовай улады, рэалізуючы маштабную рэканструкцыю, – стварыць шматфункцыянальную базу адпачынку, дзе можна расслабіцца, адцягнуцца ад паўсядзённых клопатаў, аздаравіцца.
Комплекс размешчаны ў лясным масіве на беразе маляўнічага возера Лосьвіда. На плошчы ў 15 га размясціліся галоўны корпус з сучаснымі нумарамі, дзе могуць адначасова адпачыць і аздаравіцца 150 чалавек, сталовая, танцавальная пляцоўка, аб'екты для аздараўлення і адпачынку. У сярэднім за год тут ТРА «Лосьвіда» плануе прыняць 2 000 адпачывальнікаў.
З лістапада 2015 года пры падтрымцы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў Лосьвідзе вяліся работы па капітальным рамонце і рэканструкцыі. За гэты перыяд быў выкананы капітальны рамонт даху, тэрмарэнавацыя фасада асноўнага корпуса, цалкам абноўлены нумарны фонд, устаноўлены пасажырскі ліфт, сталовая ўкамплектавана сучасным абсталяваннем, добраўпарадкавана прылеглая да комплексу тэрыторыя. У найбліжэйшай перспектыве – здача катэджных пабудоў для індывідуальнага адпачынку.
Комплекс будзе задзейнічаны для аздараўлення і адпачынку, а таксама для правядзення культурных, карпаратыўных і фізкультурна-спартыўных мерапрыемстваў. У "Лосьвідзе" створана 28 працоўных месцаў.
"Мяркуючы па заяўках, жадаючыя нас наведаць ёсць і сярод беларусаў, і сярод расіян. Акрамя таго, у дні фестывалю "Славянскі базар у Віцебску" база стане зручным месцам размяшчэння для гасцей з розных краін", - растлумачыла дырэктар
"Віцебсктурыст" ФПБ Галіна Раджюнене.
Алена Усцінава, прэс-служба ФПБ па Віцебскай вобласці. Фота Святланы Якаўлевай -"Гарадоцкі веснік", Антона Сцепанішчава - "Віцебскія весці".