У Гарадоцкім раёне адрэстаўруюць помнік партызану

Скульптурную кампазіцыю "Гаспадар лесу" у Гарадоцкім раёне адрэстаўруюць падчас падрыхтоўкі да святкавання 75-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, паведаміла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гарадоцкага райвыканкама Святлана Мазжарава.

"За дзесяцігоддзі манумент зносіўся, таму вырашана яго адрэстаўраваць. Разлічваем пачаць работы ў маі-чэрвені і адкрыць абноўлены помнік да 3 ліпеня", - паведаміла Святлана Мазжарава. Прапанову падтрымала абласное аддзяленне Беларускага фонду міру. У раёне ўжо пачаты збор грошай, таксама асабістымі сродкамі плануюць дапамагчы і ўзяць пад куратарства "Гаспадара лесу" члены Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў. Помнік "Гаспадар лесу" быў узведзены на грошы партызан і адкрыты летам 1968 года ў цэнтры партызанскай зоны часоў Вялікай Айчыннай вайны ва ўрочышчы Шчаўбова. Вышыня скульптуры - 5,5 м. Фігура партызана, які сціскае ў руках аўтамат, нагадвае, хто ў ваеннае ліхалецце быў гаспадаром на роднай зямлі. Побач на ўзвышшы ўстаноўлена бетонная пліта з надпісам, якая імітуе ўваход у зямлянку, і каля яе знаходзіцца зямлянка. Аўтар кампазіцыі - ураджэнец Гарадоцкага раёна мастак Анатоль Кавалёў, удзельнік вайны. У Гарадоцкім раёне налічваецца больш за 140 воінскіх пахаванняў, помнікаў і абеліскаў.

БЕЛТА.