У Гарадоцкім раёне перапахаваюць астанкі загінулых у гады вайны салдат

Сёння ў гарадскім пасёлку Езярышча адбудзецца ўрачыстае перапахаванне астанкаў байцоў Чырвонай Арміі, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны ў баях за вызваленне Гарадоцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, паведамілі ў галоўным упраўленні ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама.

Астанкі шасці савецкіх вайскоўцаў знайшлі падчас пошукавых работ, якія ў кастрычніку правялі вайскоўцы 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна сумесна з пошукавым атрадам "РВС" Наваполацка каля вёскі Балотніца. Сярод астанкаў не было імянных знаходак, таму прозвішчы загінулых даведацца не ўдалося.

У кастрычніку-лістападзе 1943 года савецкія войскі стаялі ля межаў Гарадоцкага раёна. Наваколлі вёсак Балотніца і Марозава Езярышчанскага сельскага савета ішлі зацяжныя наступальныя баі з удзелам 235-й і 360-й стралковых дывізій.

БЕЛТА.