У Гарадоцкім раёне сабраліся найлепшыя юныя біятланісты краіны

Сёлетні сезон арганізатары вырашылі адкрыць на лыжаролернай трасе ў Гарадку. Там сабралася звыш 150 рабят. Ім прапанавалі праверыць сілы ў двух відах гонак — масавым старце і гонцы праследавання.
— Звычайна пасля мас-старту ў нас ішла змешаная эстафета. У Гарадку вырашылі паспрабаваць гонку праследавання. Спадзяюся, спартсменам і заўзятарам спадабаецца новаўвядзенне, — сказаў галоўны суддзя спаборніцтваў Юрый Альберс. — Віцебшчына традыцыйна становіцца лепшай па выніках нашых спаборніцтваў, таму ёй даверылі правесці першы старт сезона, каб парадаваць мясцовых аматараў біятлона.
У залежнасці ад узросту хлапчукам і дзяўчатам трэба пераадолець дыстанцыі ад 1,8 км да 10 км, зазіраючы на стрэльбішча ад двух да чатырох разоў. Спартсмены змагаюцца не толькі за медалі ў асабістым заліку, але і за балы ў скарбонку сваёй зборнай.
Завершыцца першы этап Кубка Беларускай федэрацыі біятлона заўтра. Дарэчы, за баталіямі на трасе можна сачыць анлайн: на афіцыйным YouTube-канале Беларускай федэрацыі біятлона.




